Сёньня лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч праз дыпляматычныя місіі накіраваў ліст да прэзыдэнтаў краінаў, якія зьбяруцца ў Расеі на саміт «вялікай васьмёркі».

У лісьце гаворыцца: «Усё больш інфармацыі, якая паступае з розных крыніцаў, сьведчыць пра магчымасьць правядзеньня ў найбліжэйшыя месяцы рэфэрэндуму ў рамках праекту саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі. Ня выключана, што верагодны рэфэрэндум закране пытаньні ўвядзеньня расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі альбо прыняцьця канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы». «Я хацеў бы данесьці да вас маю занепакоенасьць дэстабілізацыяй сытуацыі ў Беларусі, да якой можа прывесьці такі рэфэрэндум», – піша Аляксандар Мілінкевіч.

У лісьце паведамляцца, што сумнеўныя вынікі прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама рэфэрэндуму кваліфікуюцца большасьцю назіральнікаў як несапраўдныя. Таму ставіцца пад пытаньне законнасьць правядзеньня такога рэфэрэндуму й магчымасьць свабоднага волевыяўленьня беларусаў. Паводле Мілінкевіча, свабоднае выказваньне думкі ў Беларусі даўно немагчымае.

«У той жа час любая пастаноўка пад пытаньне незалежнасьці беларускай дзяржавы выкліча рэзка нэгатыўную рэакцыю грамадзтва й будзе ўспрынятая як спроба аншлюсу», – заявіў Аляксандар Мілінкевіч. У лісьце ёсьць зварот да прэзыдэнтаў «вялікай васьмёркі» – у патрэбны момант вывучыць абгрунтаванасьць такога рэфэрэндуму, з большай дакладнасьцю прааналізаваць яго наступствы для сувэрэнітэту Беларусі, гарантыі якога былі дадзеныя вялікімі дзяржавамі ў Будапэшцкай дэклярацыі 1994 году.

У лісьце Аляксандар Мілінкевіч адмыслова зьвяртаецца таксама да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, гаспадара саміту «вялікай васьмёркі» ў Санкт-Пецярбурзе. Мілінкевіч просіць убачыць у сваёй інтэрпрэтацыі магчымага саюзнага рэфэрэндуму «толькі праяву глыбокага патрыятызму». «Я яшчэ раз запэўніваю, што для мяне асабіста й для тых, хто давярае мне ў Беларусі, разьвіцьцё найлепшых дачыненьняў з Расеяй зьяўляецца важнай мэтай», – гаворыцца ў лісьце Аляксандра Мілінкевіча.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0