У сераду, 10 чэрвеня, каля 15 гадзін у кватэры аднаго з дамоў на вуліцы Талстога ў Маладзечне адбыўся выбух.
Начальнік райаддзела міліцыі Юры Федарэнка паведаміў «РГ», што ўзарвалася самаробнае выбуховае ўстройства.
Яго рыхтаваў сабе на дзень нараджэння 22-гадовы мужчына.
«У міліцыю звярнуліся дактары, якія аказвалі маладому чалавеку медыцынскую дапамогу пасля выбуху, - расказвае Юры Федарэнка. -
Мужчыну адарвала тры пальцы на левай руцэ».
Па словах начальніка маладзечанскай міліцыі, небяспечнае самаробнае ўстройства, феерверк, гаcпадар кватэры рыхтаваў з падручных сродкаў. Ён не разлічыў колькасці выбуховага рэчыва, ад чаго і адбыўся выбух. Юры Федарэнка раіць чытачам «РГ», якія рыхтуюцца да ўрачыстасцяў, не займацца небяспечнай самадзейнасцю, а звяртацца ў спецыяльныя арганізацыі, якія на законных падставах займаюцца вытворчасцю альбо продажам піратэхнікі.
У гэты ж дзень, у сераду, горад рыхтаваўся да выпускных вечароў. У 21 гадзіну на Цэнтральнай плошчы збіраліся выпускнікі ўсіх школ горада. Юры Федарэнка катэгарычна адмаўляе, што выраб выбуховага ўстройства ў кватэры на вуліцы Талстога мае нейкае дачыненне да выпускнога свята. Паводле яго слоў, пра падрыхтоўку да тэрарыстычнага акта гаворкі быць не можа.