Вялікабрытанія падтрымае Беларусь на шляху інтэграцыі ў Еўрасаюз у якасці ўдзельніка праграмы «Ўсходняе партнёрства».

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў пасол Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс.

Найджэл Гулд-Дэвіс згадаў «значнае паляпшэнне стасункаў Беларусі з ЕС, якое стала магчымым дзякуючы ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнёрстве».

«Мы бачым новую дынаміку і маем намер падтрымаць Беларусь, каб гэтыя працэсы сталі незваротнымі», — сказаў пасол.

Ад 1 студзеня 2010 г. брытанская амбасада будзе прадстаўляць ЕС у Беларусі ад імя Іспаніі.

Пасол назваў важным прарывам у стасунках Беларусі і ЕС шэраг дэмакратычных паляпшэнняў у галіне правоў і свабодаў у Беларусі. Найперш ён адзначыў вызваленне апошніх палітвязняў, рэгістрацыю няўрадавых арганізацый, вырашэнне пытанняў з распаўсюдам дзвюх апазіцыйных газетаў [«Нашай Нівы» і «Народнай волі»]

«Мы спадзяемся, што гэтыя крокі будуць паслядоўнымі», — сказаў пасол.

Таксама ён адзначыў, што Вялікабрытанія гатовая да развіцця гандлёвых стасункаў з Беларуссю.

«Умацаванне стасункаў Беларусі і ЕС дазволіць Беларусі супрацоўнічаць з МВФ. Мы лічым вельмі важным аб'яднацца на фоне глабальнага крызісу», — сказаў пасол.

Таксама падчас прэс-канферэнцыі Найджэл Гулд-Дэвіс заявіў, што амбасада разгледзіць пытанне пра візавую падтрымку беларускіх футбольных заўзятараў, якія паедуць на матч Беларусь — Англія ў кастрычніку 2009 году. Ён выказаў пажаданне, каб як мага больш беларускіх заўзятараў змаглі наведаць Вялікабрытанію.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0