Ад Расеі нельга ўцячы эканамічна. У сэнсе, нельга адвязацца ад расейскага рынку ні цяпер, ні праз дваццаць гадоў, ні праз пяцьдзясят. І гэта было б неразумна. Піша ў сваім блогу на радыё «Свабода» Ян Максімюк.

Уражаньне такое, што «малочная вайна» паміж Расеяй і Беларусьсю паволі заглухне. Ня толькі таму, што Беларусь, як чуем, пагадзілася дасылаць расейцам менш сухога малака, чаго яны нібыта так моцна прагнулі і пра што нібыта дамовіліся Пуцін з Лукашэнкам.

А перш за ўсё таму, што расейскае эмбарга на беларускае малако б'е ня столькі па Лукашэнку і ягоным урадзе, колькі па звычайных беларускіх калгасьніках.

«Малочная вайна», як нішто іншае ў апошнім часе, даходліва тлумачыць народу ў глыбінцы, што «рускі чалавек» на ўсход ад Клімавічаў і Касьцюковічаў — гэта ня той «рускі чалавек», які жыве, прыкладам, у Ваўкавыску ці Быхаве. And that's the point. А таму і Пуцін сёньня пачаў іншую песеньку: «Як бы яно ні было, мы зь Беларусьсю — адна сям’я. У сям’і могуць адбывацца сваркі і скандалы, але ўсё роўна жыцьцё ідзе», — сказаў ён. Калі адна сям’я, дык чаму вы не п’яце нашага малака? І яны зноў будуць піць. Каб сям’я не паменшала. Тут больш-менш такая лёгіка дзейнічае...

Значыць, справа малака, мокрага ці сухога, неяк утрасецца.

А што не ўтрасецца?

Дык вось, я ня ўпэўнены, што Лукашэнка, пераступіўшы другую важную мяжу ў дачыненьнях з Расеяй — адмовіўшыся падпісаць пагадненьне аб Калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) — захоча адступіцца і падпісаць яго пазьней, гэткім чынам уступаючы ў сымбалічнае, постсавецкае «анты-НАТО».

Дзеля чаго? Малочныя рэкі і струмені, як мы ўжо адзначылі, зноў пацякуць зь Беларусі ў Расею. А што набудзе Лукашэнка праз КСАР? Няўжо танны газ? Гэта малаімаверна. Да таго ж — тут можна таргавацца вакол Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі...

Першай важнай мяжой, якую Беларусь адолела ў гэтым годзе, было ўступленьне ва Ўсходняе партнэрства, куды Расея не ўступіла і, што яшчэ важнейшае, куды Расею ўступаць не запрашалі. А цяпер Беларусь адмовілася ўступаць у КСАР, куды яе Расея вельмі моцна запрашала. Як кажуць, цягнік скрануўся зь месца і паволі едзе дапераду.

Ад Расеі нельга ўцячы эканамічна. У сэнсе, нельга адвязацца ад расейскага рынку ні цяпер, ні праз дваццаць гадоў, ні праз пяцьдзясят. І гэта было б неразумна.

Хто яшчэ будзе купляць беларускія тварагі і сыры? Польшча? Ім самім няма ні часу, ні ахвоты свайго дабра есьці. Значыць, Беларусі трэба карміць Расею. Гэта, так бы мовіць, беларуская нацыянальная ідэя. Павал Севярынец кажа, што Беларусі трэба хрысьціянізаваць Расею. Магчыма. Але спачатку трэба Расею накарміць. Не задарма, вядома ж. А ці можна зарабіць грошы на хрысьціянізацыі Расеі? Я ў гэта ня веру. За дзякуй сёньня ўжо ніхто нічога ня зробіць, нават калі мець на ўвазе нацыянальную ідэю...

Але ад Расеі можна ўцячы палітычна.

Трэба аднак адразу агаварыцца, што і тут існуе мяжа для ўцёкаў. Зноў жа хацелася б выказаць нязгоду з Паўлам Севярынцам, які на апошнія падзеі ў беларуска-расейскіх стасунках адрэагаваў прыблізна так: «Нарэшце! Тое, што трэба зрабіць цяпер — гэта дэнансаваць усе дамовы аб супольнай ахове заходняй мяжы, аб супольнай супрацьпаветранай абароне, пагадненьне аб Саюзнай дзяржаве і пачаць поўнафарматныя перамовы з Эўразьвязам». Ну, гэта wishful thinking, мякка кажучы.

Канешне, усё гэта трэба было б зрабіць, калі б былі магчымасьці і гістарычны момант. Рэальна глянуўшы на справу, Беларусі сёньня немагчыма ўцячы ні ў НАТО, ні ў Эўразьвяз, а магчыма — схавацца у «шэрай зоне», «фінляндызавацца» і жыць, не замінаючы «ні нашым, ні вашым», як жылі фіны больш за 40 гадоў пасьля ІІ сусьветнай вайны. І чакаць свайго наступнага гістарычнага шанцу. Магчыма, такога, калі разваліцца сама Расея...

Паказальная рэакцыя на апошнія падзеі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях газэты «Камэрсант», якая дае зразумець, што Крэмль пастараецца даціснуць Лукашэнку газам, калі не малаком. «Некаму абрыдла быць прэзыдэнтам» — газэта прыводзіць выказваньне нейкага ананімнага крамлёўскага чыноўніка. Анягож! Вы маеце такое ўражаньне? Яму сапраўды абрыдла?

Па-мойму, артыкул у «Камэрсанце» — гэта проста прызнаньне чарговай паразы Масквы ў спробе прыціснуць Беларусь. Так бы мовіць, нам тут не зусім удалося, але мы вам яшчэ пакажам... Ну і паказвайце... Кожны такі паказ прысьпешвае хаду беларускага цягніка.

Едзем...

Ян Максімюк, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0