У адной з сэканд-крамаў Смаргоні.

У адной з сэканд-крамаў Смаргоні.

Калі амаль два дзесяцігоддзі таму ў Беларусі з’явіліся сэканд‑хэнды — крамы паношанай адзежы, — ніхто не думаў, што з часам яны могуць стаць сур’ёзнай альтэрнатывай айчынным крамам і гарадскім рынкам.

Відаць, такі час прыйшоў разам з крызісам, бо навідавоку чэргі на прыступках у дзень прывозу, які многія гараджане памятаюць, як дзень атрымання зарплаты. І ўжо няма гаворкі пра прэстыж, бо усе ведаюць: Мадонна, Джоні Дэп, Вячаслаў Зайцаў, Брэд Піт і іншыя прадстаўнікі зорнага шэрагу рэгулярна наведваюць крамы з паношанай вопраткай.

Пакупнікоў у сэканд‑хэндах значна паболела за апошні год. Відавочна, што фінансавы крызіс стаўся таму прычынай. Калі патрапіць у хвалю, можна і ў гэтай сітуацыі знайсці станоўчы бок. Як, напрыклад, зрабіла Лілія— індывідуальны прадпрымальнік са Смаргоні, якая займаецца сэканд‑хэндам усяго месяц. 11 траўня стала днём нараджэння сямейнага прадпрыемства. Узгадаўшы старадаўнія традыцыі, памяшканне аблюбавала мясцовая котка, якая часам застаецца за начнога вартаўніка, каб да раніцы «намыць» гасцей.

‑ Было страшнавата пачынаць справу ў такі нялёгкі эканамічны перыяд, але мы ўсё ж рашыліся, — распавядае Лілія.

Увогуле, было два верагодных напрамкі бізнэсу — бытавая хімія і сэканд‑хэнд. Два месяцы думалі і схіліліся да апошняга. Крызіс стаўся галоўнай прычынай нашага выбару. Многія не ў стане дазволіць сабе новыя рэчы, а развітацца з сумай у 20 тысяч рублёў знойдзецца больш ахвотнікаў, чым з сумай у 100 тысяч.

Мы арандавалі памяшканне. Я лічу, што месца для крамы вельмі ўдалае — сямейны інтэрнат. Гэта вельмі садзейнічае рэкламе. На пачатку ж для прыцягнення пакупнікоў мы зрабілі невялікія зніжкі — 20%. Такім чынам, на колькасць кліентаў не скардзімся і думаем над трэцяй распранальней ў залі, бо дзвюх ужо не хапае.

Ірына займаецца сэканд‑хэндам некалькі год і адзначае, што апошнім часам даходы крамы павялічваюцца:

‑ Толькі нельга сказаць, што гэта станоўчая з’ява.

Не ад добрага жыцця людзі пайшлі ў сэканды. Хутчэй, яны сталі больш пільна лічыць грошы. Такога няма, каб прыходзілі і хапалі ўсё без роздуму — ідуць за канкрэтнымі рэчамі.
Кожная капейка лічыцца, народ бяднее. Асабліва гэта адчуваецца падчас вялікіх святаў. Цяпер, напрыклад, выпускныя — яны б’юць па кішэні, і мы гэта адчуваем, бо гандаль спадае. Каб стары тавар саступіў месца новаму, мы праводзім акцыі. Выгодней уцаніць рэч, чым трымаць яе некалькі месяцаў па высокім кошце.

Цяпер нават сэканд‑хэнд многім падаецца дарагім. Вопратка насамрэч падаражэла, бо ізноў паднялася «растаможка». Калі раней кофтачка каштавала 8 тысяч рублёў, то з Новага года нам давялося два разы павышаць кошты, і цяпер яна каштуе 12. А людзі ўсё больш імкнуцца эканоміць. Часам да нас прыходзяць за вячэрнімі строямі. Учора, напрыклад, жанчына выбірала сабе сукенку на вяселле сына.

У сэканд‑хэндах апранаюцца людзі розных статусаў, — працягвае Ірына.

Паспяховы бізнэсовец паркуе побач з крамай джып за 50 тысяч даляраў і не лічыць за сорам зайсці і купіць тут шорты, каб зручна было ездзіць.
Грошы берагуць і багатыя людзі, тым больш, якасць тавараў, якія прадаюцца на рынку ці ў крамах не адпавядае кошту. Вельмі вялікія нацэнкі на прывазныя рэчы.

Працаваць з вопраткай сэканд‑хэнд — гэта карпатлівая цяжкая праца. Але мне падабаецца дапамагаць людзям добра выглядаць. Я не магу сказаць, што чалавеку пасуе рэч толькі дзеля таго, каб прадаць яе. Люблю назіраць за тым, наколькі людзі сталі лепш апранацца, і мне прыемна адчуваць у гэтым свой унёсак.

Уладзімір, прадавец у адной з мінскіх крамаў сэканд‑хэнд, зазначае, што пакупнікоў стала больш:

‑ Засталіся і старыя кліенты, якія з дня адкрыцця прыходзяць штотыдзень, але з’явіліся і такія, якія да крызісу не мелі патрэбы на да нас наведвацца. Аднак гэта не значыць, што пакупальніцкая здольнасць павялічылася. Людзі просяць узяць рэч у доўг да зарплаты, адвесіць да лепшага часу, і мы, у межах дазволенага, ідзем на саступкі.

Шмат крамаў сэканд‑хэнд не здолелі выжыць у цяжкія перыяды. У нас атрымалася — напэўна, дзякуючы ўменню «трымаць марку». Мы імкнемся разбурыць імідж сэканд‑хэнда як крамы зношанай адзежы для працы на дачы. Тут прадаецца якасны тавар, вялікая частка якога абсалютна новая, усё акуратна выпрасавана і развешана. Ёсць шмат сэкандаў на кватэрах і гаражах — яны прывабліваюць нечым іншым. Мы — акуратнасцю.

І яшчэ хачу абвергнуць міф, што сэканд‑хэнд — крама для бедных. За некалькі год працы я не сустракаў у краме такіх людзей. У асноўным заходзяць людзі з нядрэнным дастаткам. Ёсць нават і «віп‑кліенты» — з высокімі пасадамі і дарагімі машынамі.

Усё, што на дадзены момант на мне апранута — сэканд‑хэнд, уключаючы абутак. І мне гэта падабаецца, бо я адчуваю якасць, якой няма ў шматлікіх сталічных гандлёвых цэнтрах.

Мая знаёмая, якая прадае стокавыя тавары ў вядомым мінскім гандлёвым цэнтры, перыядычна заходзіць у нашу краму і кожны раз дзівіцца: брэнды тыя ж, а кошты ў пяць разоў ніжэй.

***

Алена - студэнтка, адзін‑два разы на месяц прыязджае да бацькоў у Смаргонь і абавязкова робіць рэйд па мясцовых «сэкандах»:

‑ Амаль уся мая вопратка — з крамаў паношанай адзежы. Я не маю забабонаў наконт чужога‑нечужога. Праглядаючы вопратку не тлумлюся, хто яе насіў і чаму пазбавіўся. Калі рэч пасуе, яна становіцца маёй і гэтага дастаткова. Часам у кішэнях рэчаў трапляюцца прывітанні ад былых гаспадароў‑ чэк, нататка альбо еўрацэнт. Мяне радуюць такія дробязі — гэта як піражок з сюрпрызам.

Я не ўсім кажу, дзе апранаюся. Часам хочацца стварыць больш рэспектабельны вобраз. Нядаўна набыла камізэльку Tally Weijl. І якраз праз пару дзён у Менску адкрылася фірмовая крама гэтага брэнда. Знаёмыя ўпэўненыя, што камізэлька адтуль. Я ж нічога не абвяргаю — хай думаюць, што яна каштуе 100 тысяч, а не 12.

Не скажу, што з‑за крызісу я стала больш хадзіць ў сэканды, таму што амаль цалкам тут апраналася і раней. Адзінае што, на глупствы грошай ужо не выдаткоўваю. Калі раней я магла купіць рэч проста як твор мастацтва, то цяпер набываю выключна для нашэння.

Канешне ж, час ад часу я заходжу і ў звычайныя крамы. У асноўным, набываю там абутак, які ў сэканд‑хэндзе не заўсёды знойдзеш. Нядаўна вось, заходзіла ў ГУМ. На дзіва, знайшла там спадніцу за 1800 рублёў. Хутчэй за ўсё — гэта з тых рэчаў, што заляжаліся на складах. Я чула, што падчас крызісу беларускія прадпрыемствы засвоілі сістэму зніжак, каб тавар не залёжваўся.

Кошт, канешне, прывабны, але фасон — «Бывай маладосць!» Канешне ж, я ізноў пашла ў сэканд, дзе за 2000 набыла цудоўную майку на шлейках.

Іван — малады спецыяліст, выкладае гісторыю ў школе:

‑ Шчыра кажучы, я раней саромеўся заходзіць у крамы такога кшталту. Выхаванне, пэўна, адыграла сваю ролю: я рос у сям’і настаўнікаў, вопратка заўсёды была акуратная і якасная. Не скажу, каб цяпер сітуацыя кардынальна змянілася, але з надыходам крызісу ў жонкі ўсё ж атрымалася давесці мне, што акуратныя рэчы можна набыць і ў сэканд‑хэндах. Сама яна рэгулярна купляе там такія‑сякія дробязі. Не ўсё, але значную частку. І потым камбінуе з новымі рэчамі так, што ніхто і не здагадаецца аб крыніцы іх паходжання.

Сам я прыхільнік класічнага стыл. Некалькі месяцаў таму жонка адвяла мяне ў сэканд‑хэнд. Нагодай стаў недахоп кашуль — на той час іх ў мяне было тры. Цяпер — восем. Кожная з іх каштуе не больш за 15 тысяч рублёў, а якасць вышэйшая. Ёсць нават адна ад Пьера Кардэна. Я не кідаюся за коштамі, пільна прыглядаюся да рэчы, калі сядзіць ідэальна — набываю. Напэўна, такіх «класікаў», як я, няшмат сярод правінцыйных мужчынаў, таму канкурэнцыі тут не адчуваю. У першую чаргу спусташаюцца вешалкі з моднымі моладзевымі рэчамі, а я на іх не гляджу. Сэканд‑хэнды, канешне, добрае выйсце падчас крызісу, але, калі наш сямейны бюджэт будзе дазваляць, я зноў буду набываць адзенне ў звычайных крамах.

Аднак, нельга сказаць, што з завяршэннем крызісу адбудзецца адток пакупнікоў ад крамаў сэканд‑хэнд. Эксклюзіўнасць і таннасць, пакуль існуюць межы і візавыя зборы ў 60 еўра, можна знайсці толькі праз «другія рукі».

Пад час падрыхтоўкі матэрыялу на мне былі апранутыя рэчы, набытыя ў крамах сэканд‑хэнд: джынсы «Sakura» (новыя, 30 тысяч рублёў), майка «Fishbone» (6 тысяч рублёў), вятроўка «Next» (20 тысяч рублёў), кеды «Graceland» (новыя, 20 тысяч рублёў).

Рэгіянальная газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0