На Манетным двары ў славацкім горадзе Крэмніца адчаканеныя ўзоры беларускіх манет. Пра гэта паведаміў упраўляючы дырэктар Манетнага двара Ўласціміл Калінец. Да канца 2009 году на Манетным двары Славаччыны мяркуецца вырабіць 110 мільёнаў манет для Беларусі. З гэтага можа вынікаць, што беларускія ўлады рыхтуюць дэнамінацыю.

Афіцыйнага заказу на чаканку абаротных беларускіх манет на Манетным двары Славакіі з боку Нацбанка Беларусі не было. Гаворка вядзецца толькі пра ініцыятыву самога манетнага двара, які адчаканіў узоры і накіраваў прапанову па чаканцы манет Нацбанку Беларусі.

Адказу ад беларускіх уладаў кіраўніцтва манетнага двара яшчэ не атрымлівала, хоць, паводле звестак БелаПАН, інфармацыйная сустрэча з прадстаўнікамі Нацбанка Беларусі ўсё ж адбылася.

Кажучы пра ініцыятыву мынцы, як даўней у Беларусі называлі манетныя двары, Уласціміл Калінец адзначыў, што яго прадпрыемству «цікава выкарыстоўваць досвед, які праявіўся ў сувязі з чаканкай тут еўра і ўвядзеннем новай валюты Славаччыны».

«У манет больш доўгае жыццё, чым у банкнот, — канстатаваў ён. — Праўда, ва ўмовах крызісу разглядаць такі праект няма сэнсу».

Інфармацыя пра чаканку ўзораў беларускіх манет ужо з’явілася на буйным спецыялізаваным сайце Там і выкладзена пакуль што адзінае фота ўзораў беларускіх манет. Як паведаміў сам аўтар гэтага фота Пётр Барта, ён зрабіў здымак у Нумізматычным музеі ў Крэмніцы.

Згодна з інфармацыяй, размешчанай на гэтым сайце,

адчаканеныя ўзоры беларускіх манет наміналам 5, 10, 20, 50 капеек і 1 рубль.

Нібы да канца 2009 году на Манетным двары Славакіі мяркуецца вырабіць 6 мільёнаў 5‑капеечных манет, 34 мільёны 10‑капеечных, 15 мільёны 20‑капеечных, 36 мільёнаў 50‑капеечных і 24 мільёны манет наміналам адзін рубель. Аўтар паведамлення мяркуе,

што ў канцы 2009 году ў Беларусі чакаецца дэнамінацыя 1:1000.
«Мы пабачым новыя манеты ў краіне, дзе ніколі не хадзілі манеты, апроч юбілейных», — паведамляецца на сайце.

Але паўтарымся, у ходзе расследавання, праведзенага БелаПАН,

інфармацыя пра заказ на чаканку беларускіх манет і пра магчымую дэнамінацыю не атрымала афіцыйнага пацверджання.

***

Начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў заявіў БелаПАН, што сапраўды вывучаюцца магчымасці манетных двароў — у тым ліку і Славакіі — розных краін, але гэта не звязана з тэрміновай неабходнасцю увядзення манет у грашовае абарачэнне.

«… сам факт публікацыі фота гэтых манет зусім не азначае, што ў Беларусі ў хуткім часе будзе ўведзеныя ў абарачэнне манеты, а таксама што іх будзе чаканіць менавіта Манетны двор Славакіі», — сказаў Драздоў.

У прынцыпе, працягнуў ён, такія звароты з прапановай чаканкі ўзораў з’яўляюцца звычайнай стандартнай практыкай. «Нацыянальны банк павінен быць гатовы да любой магчымасці, у тым ліку і да магчымага ўводу манет у грашовы абарот. Гэта можа адбыцца праз пяць, дзесяць гадоў, але ў нас павінна быць усё да гэтага гатова — і распрацаваныя ўзоры, і вызначаныя магчымасці манетных двароў… Агулам працэс вырабу новых грошай займае год‑два», — патлумачыў прадстаўнік Нацбанка.

Адносна перспектыў увядзення ў Беларусі новых грошай, у прыватнасці манет, Драздоў адзначыў: «Нацыянальны банк як дзяржаўны орган, што мае выключнае права на эмісію грошай, мае роўныя варыянты ўдасканалення сваёй грашовай сістэмы.

У нас ёсць розныя варыянты развіцця падзей. Спатрэбіцца нам манета ў абарачэнні — мы ўвядзем яе. Пакуль яна нам не патрэбная, таму ўводзіць яе ніхто не збіраецца»
. Пры гэтым прадстаўнік Нацбанка нагадаў, што ўвесь працэс вытворчасці грошай з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай.

Дагэтуль Нацбанк Беларусі размяшчаў заказы толькі на чаканку памятных манет. Першыя — у 1996 годзе. Усяго было выпушчана ўжо болей ста відаў такіх манет. Як правіла, чаканілі іх на манетных дварах Вялікабрытаніі, Польшчы, Швейцарыі, Літвы і Германіі.

***

Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што цяпер у Беларусі няма сэнсу ўводзіць у абарачэнне манеты.

«Гэта было б неабходна ў выпадку правядзення значнай дэнамінацыі, — сказаў ён. — То бок, калі б мы адкідалі чатыры‑пяць нулёў. Паводле Багданкевіча, у 1990‑я гады ў банкаўскіх колах абмяркоўвалася магчымасць увядзення манет. «Але мы заказу мы не рабілі. Мы прыйшлі да высновы, што нам лягчэй купіць станок, манетныя загатоўкі і самім кляпаць манеты. Таму калі мы друкавалі ў Германіі беларускія папяровыя рублі, мы вырашылі што няма сэнсу чаканіць капейкі».

Апроч таго,

былы кіраўнік Нацбанка мяркуе, што дэнамінацыю ёсць сэнс праводзіць пры мінімальным ўзроўні інфляцыі, але не тады калі яна вымяраецца ў двухзначных велічынях.

Паводле афіцыйнага прагнозу, інфляцыя ў Беларусі па выніках 2009 году не перавысіць 11%. За студзень—май гэтага году яе ўзровень склаў 6,9%.

***

Апошні раз чуткі пра магчымую хуткую дэнамінацыю хадзілі ў Беларусі адразу пасля дэвальвацыі беларускага рубля 2 студзеня 2009 г. У сувязі з гэтым прэзідэнт Лукашэнка заяўляў: «Сёння мы не збіраемся праводзіць ніякай дэнамінацыі. Калі мы збярэмся, то скажам загадзя, за тры‑чатыры месяцы».

Апошні раз дэнамінацыя беларускага рубля ў суадносінах 1:1.000 праводзілася ў Беларусі 1 студзеня 2000 года. Тады Нацбанк увёў у абарачэнне банкноты наміналам 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1.000 і 5.000 рублёў, у 2001 году — 10.000 рублёў, у 2002 г. — 20.000 і 50.000 рублёў, а ў 2005 годзе — 100.000 рублёў. Цягам усяго 2000 года ажыццяўлялася паралельнае хаджэнен купюр старога і новага ўзору. 30 снежня 2003 года тэрмін абмену старых грошай скончыўся.

Аляксей Арэшка, Вольга Мачалава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0