Актывістам апазіцыі ўсё часцей адмаўляюць пры ўладкаванні на працу і скасоўваюць з імі працоўныя кантракты.
Урач Гомельскага абласнога псіхіятрычнага шпіталя пазбавіўся працы з‑за сваіх палітычных перакананняў. Актывісту незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Сяргею Трыфанаву паведамілі, што працоўны кантракт з ім працягнуты не будзе.
Для Сяргея Трыфанава навіна пра спыненне дзеяння працоўнай дамовы стала нечаканасцю, бо адміністрацыя шпіталя прэтэнзіяў да яго прафесійных якасцяў раней не мела.
«З гутаркі з галоўным урачом Віктарам Матарэнкам я зразумеў, што на яго аказвалі ціск, спрабуючы дамагчыся майго звальнення», ‑‑ распавёў «Белорусскому партизану» Сяргей Трыфанаў.
Па словах Сяргея Трыфанава, калі не атрымаецца знайсці працу па сваім профілі ў Беларусі, прыйдзецца ехаць на заробкі за мяжу.