З аглушальнай паразы пачала моладзевы чэмпіянат Еўропы зборная Беларусі па футболе. Каманда Юрыя Курненіна была разгромленая гаспадарамі турніру шведамі з лікам 5:1.

Зрэшты, пачыналася ўсё не так кепска для нашых. На 33‑яй хвіліне шалёны па прыгажосці ўдар атрымаўся ў паўабаронцы мінскага «Дынама» Сяргея Кісляка — 0:1. Ведалі б беларусы, што гэтым ударам яны так раз’юшаць скандынаваў.

Прайшло крышку больш за хвіліну, як Расмус Эльм адважыўся на дальні ўдар. Здавалася, што брамнік Павел Часноўскі кантралюе сітуацыю, але галаву падставіў абаронца Аляксандр Мартыновіч, ад яе мяч і зрыкашэціў у вароты. Праходзіць яшчэ чатыры хвіліны і Маркус Берг абсалютна спакойна распраўляецца з трыма абаронцамі і зборнай Беларусі і выводзіць шведаў наперад.

Адчувалася, што ў нашай задняй лініі творыцца абсалютны бардак. Наперадзе атрымлівалася не больш. Яшчэ да перапынку ўсё той жа Берг зрабіў лік 3:1.

У другім тайме беларусы стараліся нешта змяніць, аднак не атрымалася. Берг жа аформіў хет‑трык. А Густаў Свенсан зрабіў лік увогуле непрыстойным — 5:1.

Італія і Сербія - 0:0.

Турнірнае становішча: Швецыя - 3, Італія, Сербія - па 1, Беларусь - 0.

У пятніцу зборная Беларусі гуляе з Сербіяй. У аўторак, 23 чэрвеня, з Італіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?