Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс‑службе мытні.

«Ніякіх новых дакументаў з Расспажыўнагляда мы пакуль не атрымлівалі, але мы іх чакаем. Прыйдуць новыя дакументы — будзем працаваць згодна з імі, а пакуль працуем як і раней», — адзначыў супрацоўнік Смаленскай мытні. Паводле яго слоў, беларуская малочная прадукцыя па‑ранейшаму часткова не прапускаецца ў Расію.

Як паведамлялася раней, Расспажыўнагляд патрабуе ад беларускіх вытворцаў малочных прадуктаў захавання тэхнічнага рэгламенту.

Нагадаем, 5 чэрвеня Расія і Беларусь адкарэктавалі прагнозны баланс паставак беларускай малочнай прадукцыі ў РФ у 2009 годзе. Была дасягнута дамоўленасць аб скарачэнні аб’ёмаў паставак сухога малака са 110 да 70 тыс. тон і аб павелічэнні паставак беларускага сыру і тварагу са 100 да 132 тыс. тон.

6 чэрвеня Расспажыўнагляд забараніў увоз у Расію амаль 500 відаў беларускай малочнай прадукцыі ў сувязі з тым, што беларускія вытворцы не перааформілі дазвольную дакументацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхрэгламенту, які набыў моц у снежні 2008 года.

8 чэрвеня быў забаронены ўвоз у Расію яшчэ 593 найменняў беларускай малочнай прадукцыі.

9 чэрвеня ў эфіры тэлеканала «Вести 24» кіраўнік Расспажыўнагляда Генадзь Анішчанка заявіў, што на тэрыторыю Расіі забаронены ўвоз практычна ўсёй беларускай малочнай прадукцыі — забарона распаўсюджваецца на прадукцыю больш як тысячы найменняў, «за выключэннем 50‑60 пазіцый».

11 чэрвеня на перамовах з беларускай дэлегацыяй у Маскве Анішчанка абазначыў умовы скасавання часовай забароны на ўвоз беларускай прадукцыі. «Мы выклалі тыя ўмовы, на якіх малочная прадукцыя з Беларусі можа вярнуцца ў Расію, на расійскі рынак. Гэтыя ўмовы строга вынікаюць з федэральнага закона ад 13 чэрвеня 2008 года «Тэхнічны рэгламент на малако і малочную прадукцыю», — сказаў чыноўнік.

17 чэрвеня Беларусь увяла ўзмоцнены рэжым кантролю за перамяшчэннем грузаў на асноўных расійска‑беларускіх магістралях.

Як заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Юрый Жадобін, рашэнне беларускіх уладаў з’яўляецца «сіметрычным адказам» на дзеянні расійскага боку. «Гэтыя захады будуць цалкам аналагічныя тым дзеянням, якія ўжо на працягу многіх гадоў практыкуе расійскі бок у асобе органаў Федэральнай мытнай службы», — сказаў кіраўнік Савета бяспекі.

У Федэральнай мытнай службе Расіі дзеянні беларускага боку каментаваць адмовіліся.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0