Расспажыўнагляд і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі падпісалі ў Маскве пратакол пра пастаўкі малака. У той жа дзень прэтэнзіі Беларусі на 235 млн даляраў выставіў «Газпром».

Калаж NN.By

Калаж NN.By

Расійскі спажыўнагляд (Генадзь Анішчанка), Міністэрства аховы здароўя (Васіль Жарко) і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі (Сямён Шапіра) падпісалі ў Маскве пратакол, які задавальняе і беларускі і расійскі бок.

Пра гэта заявіў у сераду 17 чэрвеня па выніках перамоваў кіраўнік Рассппажыўнагляду Генадзь Анішчанка. Размова вядзецца аб пратаколе, што тычыцца хуткага аднаўлення паставак беларускага малака ў Расію.

Паводле Г. Анішчанкі, бакі дамовіліся «ісці да рэалізацыі патрабаванняў расійскага тэхнічнага рэгламента на малако».

«Беларускі бок у найбліжэйшы час выканае ўсе ўмовы па прывядзенні дакументацыі на малако і малочную прадукцыю ў адпаведнасць з расійскім заканадаўствам», -- цытуе кіраўніка Расспажыўнагляду Інтэрфакс.

Кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі Сямён Шапіра, у сваю чаргу, заявіў, што ў найбліжэйшы час Беларусь адновіць пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расію.

«У найбліжэйшы час рух малочнай прадукцыі на расійска-беларускай мяжы адновіцца», - сказаў Шапіра па выніках перамоваў з кіраўніком Расспажыўнагляду, паведамляюць РІА-Навіны.

Закранаючы балансы паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Расію, кіраўнік Мінсельгасхарчу паведаміў,

што аб'ёмы паставак не будуць зменшаны, а толькі скарэктавана іх наменклатура.

Нагадаем, што першую забарону на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Расіі Расспажыўнагляд увёў 6 чэрвеня.

Аднак не паспела прасохнуць чарніла на дамове аб малацэ, як «Газпром» запатрабаваў ад ААТ «Белтрансгаз» ліквідаваць запазычанасць у суме $230 млн за пастаўлены ў студзені—красавіку газ,

паведаміў агенцтву «Інтэрфакс‑Захад» дарадца па эканамічных пытаннях пасольства РФ у Беларусі Андрэй Кузняцоў.

«Газпром» накіраваў «Белтрансгазу» ліст з патрабаваннем пагасіць запазычанасць за пастаўкі газу ў студзені — красавіку.

Сума запазычанасці, без уліку пені і штрафу за нявыбарку газу ў прадугледжаным аб’ёме складае крыху больш за $230 млн», — сказаў А.Кузняцоў, паведамляе радыё Рэха Масквы. Між тым у свой час прэм'ер Расіі публічна пагадзіўся на тое, каб аплата за газ у першым квартале ішла па сярэднегадавой цане, а не па цане першага кварталу. Цана ў студзені-красавіка была вышэй сярэднегадавой, бо цана газу на еўрапейскім рынку вылічваецца ў залежнасці ад цаны нафты паўгоду таму. Беларусь хацела плаціць па сярэднегадавой цане, каб фактычна адтэрмінаваць частку плацяжу да канца году. У краіне напачатку году назіраўся дэфіцыт валюты. Варта нагадаць, што «Газпром» раней ішоў Беларусі насустрач: ён датэрмінова сплаціў за транзіт газу на гэты год і выплаціў грошы за долю акцый «Белтрансгазу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0