22 чэрвеня, у 6‑ю гадавіну смерці Васіля Быкава, тэлеканал «Белсат ТV» падрыхтаваў адмысловую праграму ў памяць вялікага беларуса.

18:52 «Васіль Быкаў. Апошнія дні», І частка дакументальнага фільму з цыклу «Без рэтушы», зняты для «Белсату» ў 2008 г. Галінаю і Сяргеем Навумчыкамі.

Апошнія гады свайго жыцця сусветна вядомы беларускі пісьменнік разам з жонкаю правёў за межамі Беларусі. Ён быў адкрытым супраціўнікам аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Чаму Быкаў пакінуў Беларусь? Чаму ён не мог вярнуцца і ў якіх акалічнасцях усё ж вярнуўся? Як выглядалі ягоныя апошнія дні? Пра гэта ў фільме апавядаюць сведкі, людзі, якія некалькі месяцаў жылі побач з ім у Празе, а пазней — цягам апошніх дзён пісьменніка ў Менску. У фільме скарыстаныя здымкі і відэаматэрыялы, якія нідзе раней не паказваліся.

19:20 Адмысловае выданне праграмы «Госць «Белсату».

Размова Паўла Мажэйкі з Сяргеем Законнікавым, беларускім паэтам і сябрам Васіля Быкава.

19:36 «Васіль Быкаў. Апошнія дні», частка ІІ, 2008 г.

Васіль Быкаў разам з жонкай Ірынаю, раніцаю 23 траўня 2003 г., выехалі з кватэры ў Празе ў аэрапорт. Ніколі больш Быкаў у Чэхію не вярнуўся, хоць меў у кішэні білет назад. Што чакала славутага пісьменніка ў беларускай сталіцы? Чаму ён вярнуўся ў Беларусь пасля некалькіх гадоў эміграцыі і чаму не мог вярнуцца ў Прагу? Пра гэта і пра таямніцу смерці вялікага літаратара мы даведаемся з другой часткі фільму Галіны і Сяргея Навумчыкаў.

20:10 «Я раскажу вам пра вайну», дакументальны фільм з цыклу «Невядомая Беларусь», рэж. Сяргей Ісакаў, Беларусь, 2009 г.

Здаецца, пра Быкава напісалі ды сказалі ўжо ўсё. Але аўтары стужкі «Я раскажу вам пра вайну» Сяргей Ісакаў і Уладзімір Халіп знайшлі новае вымярэнне гэтай унікальнай асобы.

Падмуркам фільму стаўся унікальны запіс вечаровай размовы Васіля Быкава і Алеся Адамовіча.

Сам Васіль Быкаў узгадвае найбольш яскравыя эпізоды сваёй вайсковай біяграфіі, разважае пра той нялёгкі час, пра жорсткія выпрабаванні чалавека на вайне. Выказвае думкі, якія дагэтуль і пасля таго, напэўна, нідзе не гучалі.

23:06 «Васіль Быкаў. Вяртанне», рэж. Віктар Корзун, Беларусь, 2004 г.

belsat.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0