Беларусь да чэрвеньскіх дамоўленасцяў Масквы і Мінска перавышала квоты экспарту малака ў Расію на 40%.
Пра гэта, паводле інфармацыі агенцтва РІА Новости, паведаміў на пасяджэнні камісіі па рэгіянальным развіцці 19 чэрвеня ў Барнауле прэм’ер‑міністр РФ Уладзімір Пуцін.
«Была дамоўленасць аб аб’ёмах квот. На жаль, нашы партнёры перавышалі іх на 40%, і гэта стварала вядомыя цяжкасці для нашых вытворцаў малака», — заявіў Пуцін.
Ён адзначыў, што ў выніку перамоў з Беларуссю ўдалося дасягнуць разуменне па шэрагу пытанняў, у прыватнасці аб тым, што ў другім і трэцім кварталах беларускія вытворцы не будуць пастаўляць у Расію сухое малако.
Разам з тым прэм’ер‑міністр прызнаў, што перамовы з Беларуссю «ідуць цяжка». «Партнёры нашы рэагуюць на гэта балюча і эмацыйна», — адзначыў ён. «Але эканоміка ёсць эканоміка, мы павінны выраўноўваць нашы адносіны ва ўмовах рынку», — сказаў Пуцін.
Ён нагадаў, што дзякуючы расійскай фінансавай падтрымцы толькі ў гэтым годзе Беларусь атрымала 1,15 млрд. долараў.
Акрамя таго, адзначыў прэм’ер, Беларусь з выгадай для сваёй эканомікі выкарыстоўвае танныя расійскія нафту і газ. «Мы па нізкіх тарыфах прадавалі ім нафту на перапрацоўку. Яны перапрацоўваюць даволі танную расійскую нафту і экспартуюць на Захад прадукты нафтаперапрацоўкі, атрымліваючы валютную выручку», — растлумачыў кіраўнік расійскага ўрада.
Аналагічная сітуацыя, паводле яго слоў, складваецца з пастаўкамі расійскага газу, які Беларусь купляе па самых нізкіх у СНД цэнах. «Усё гэта дае магчымасць субсідаваць сельскую гаспадарку (у Беларусі)», — дадаў Пуцін.