На восьмы дзень пратэстаў улады ўжылі сілу прэвентыўна. Колькасць забітых дасягнула прынамсі 32 чалавек, дзесяткі параненых. Мусаві заклікаў да ўсеагульнага страйку.

Паліцыя выкарыстала вадамёты, дубінкі і слезацечны газ для разгону шматтысячнага мітынгу пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Іране. Пратэсты працягваюцца, нягледзячы на пагрозы духоўнага лідэра краіны, аяталы Алі Хамэнэі аб недапушчальнасці далейшых дэманстрацыяў.

Улады загадзя папярэджвалі, што мітынг у суботу будзе разагнаны. Мяркуючы па паведамленнях інфармагенцтваў, застрашванне мела эфект: на плошчы Энкалаб сабралася толькі каля дзесяці тысяч маніфестантаў, якіх амонаўцы рассеклі на драбнейшыя групы.

Дэманстранты далі адпор сілам аховы парадку. Падпалілі адну з сядзібаў партыі прэзідэнта Ахмадзінэджада. У сваю чаргу, паліцыя ўзяла ў аблогу універсітэцкае мястэчка. З верталётаў пратэстоўцам пасыпалі рэчывам капсаіцын, якое выклікае апёкі. Сутычкі, пажары, гвалт у цэнтры сталіцы — так выглядала сталіца Ірану ў суботу. Амонаўцы ў розных раёнах Тэгерану адкрывалі агонь па маніфестантах.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Ірану, за суботу было забіта 19 пратэстоўцаў, пераважна маладых людзей. Агульная колькасць забітых за час пратэстаў дасягнула прынамсі 32 чалавек. Некаторыя СМІ гавораць нават пра 150 забітых, са спасылкай на звесткі з шпіталёў. Басіджы сілай перавозілі параненых з цывільных больніц у вайсковыя і турэмныя. Маніфестанты дастаўляюць параненых у замежныя пасольствы, дзе ёсць дактары. Параненых прымаюць амбасады Нямеччыны, Мексікі, Польшчы, Чэхіі, Нарвегіі, Даніі, Італіі, Партугаліі, Брытаніі, Гішпаніі, Славаччыны, Нідэрландаў, Францыі, Бельгіі, Аўстрыі, Фінляндыі. Агульная колькасць параненых вымяраецца ў дзесятках чалавек.

У суботу баі дэманстрантаў з паліцыяй разгарэліся таксама ў Ісфахане, Мешхедзе, Тэбрызе, Рэшце, Ахвазе.

У суботу ж тэрарыст-самагубца падарваў сябе каля маўзалею правадыра Ісламскай рэвалюцыі, аяталы Хамэйні. Апазіцыйныя сайты назвалі гэта «тэгеранскім падпалам Рэйхстагу», на іх думку, гэта было зроблена ўладамі для таго, каб абвінаваціць апазіцыю.

Іранскае дзяржаўнае тэлебачанне заявіла пра арышт дачкі экс-прэзідэнта краіны аяталы Алі Рафсанджані і яшчэ чатырох яго сваякоў. Прычына - удзел у незаконных дэманстрацыях. Сам Рафсанджані ўзначальвае ўплывовы Сход мудрацоў, які прызначае Духоўнага лідэра краіны.

Сістэма ўлады ў краіне складаная: да яе належаць не толькі органы заканадўчай, выканаўчай, судовай улады, як і ў іншых краінах, але і органы духоўнай улады, што стаяць па-над астатнімі.

Саступаючы ціску вуліцы, Рада вартаўнікоў, найвышэйшы апеляцыйны орган краіны, выказала гатоўнасць пералічыць 10 працэнтаў бюлетэняў з адабраных наўгад скрынак. У знак пратэсту на паседжанне Рады не з’явіліся два былыя кандыдаты ў прэзідэнты ад хаўрусу рэфармістаў Мірхасэйн Мусаві і Мехдзі Карубі.

Яны патрабуюць не перападліку галасоў, а перавыбараў.

Старшыня парламенту і былы бацька атамнай праграмы Ірану Алі Ларыджані прызнаў, што ў маніфестацыях бяруць удзел сотні тысяч людзей: «Большасць людзей выступае супраць Ахмадзінэджада, і трэба іх паважаць». Тым не менш, ён лічыць падзеі беспарадкамі, за якімі стаяць заходнія краіны. Сілавыя структуры і дзяржаўныя СМІ застаюцца падкантрольнымі Хамэнэі і Ахмадзінэджаду, былому контравыведніку. Маніфестантам у суботу не ўдалося прабіцца да Міністэрства ўнутраных справаў, адказнага ў Іране за падлік галасоў. Мусаві ў суботу заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі. Ён папрасіў працягваць пратэсты мірным спосабам нават у выпадку ягонага арышту і заявіў, што «гатовы да пакутніцтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?