«Прыняцце шэнгенскага візавага рэжыму новымі членамі ЕС вылілася ў істотнае змяншэнне колькасці віз, што выдаюцца беларусам»,

— заявіла каардынатар праекта «Маніторынг візавай палітыкі краін ЕС» Вольга Васілеўска, выступаючы 22 чэрвеня ў Мінску на канферэнцыі «Візавая палітыка ў кантэксце адносінаў ЕС і Беларусі: актуальная сітуацыя і перспектывы».

Паводле яе слоў,

у найбольшай ступені выдача віз у 2008 годзе ў параўнанні з 2007 годам зменшылася ў бок Польшчы, Літвы і Латвіі: на 73, 52 і 34% адпаведна.

Пры гэтым сацыёлаг падкрэсліла, што змяншэнне выдачы віз звязана не з павелічэннем колькасці адмоў, а са значным скарачэннем зваротаў суіскальнікаў.

Ва ўсіх краінах, за выключэннем Літвы, у 2008 годзе ў параўнанні з 2005 годам павялічылася працягласць працэдуры выдачы віз, зазначыла Васілеўска.

Паводле яе слоў, у Чэхіі і Польшчы працягласць «узрасла катастрафічна»: з 14 да 19 і з 2 да 8 дзён адпаведна.

Апрача таго, у 33% выпадкаў у консульствы Чэхіі неабходна рабіць больш як два візіты, Фінляндыі — у 27% выпадкаў, Літвы — у 24%, Польшчы — у 23%, у той час як Вялікабрытаніі — толькі ў 4% выпадкаў.

«Складваецца адчуванне, што з часу папярэдняга агляду ў 2005 годзе колькасць цяжкасцей, звязаных з атрыманнем візы ў прадстаўніцтвах дзяржаў‑навічкоў павялічылася, у той час як краіны — даўнія ўдзельнікі ЕС, асабліва Францыя і Вялікабрытанія, істотна палепшылі якасць паслуг», — паведаміла Васілеўска.

Намесніца дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Кацярына Глод зазначыла, што ўдзел Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства» прадугледжвае лібералізацыю візавага рэжыму для Беларусі. У прыватнасці, магчымыя тры ступені лібералізацыі рэжыму: падпісанне пагаднення аб аблегчаным візавым рэжыме; змяншэнне кошту віз; поўная адмена віз. Глод падкрэсліла, што «апошнія гутаркі з еўрапейскімі чыноўнікамі кажуць аб трэцяй ступені лібералізацыі як аб вельмі аддаленай перспектыве».

Паводле яе слоў, візавае пытанне, «хутчэй за ўсё, будзе выкарыстоўвацца ЕС як палітычны інструмент, каб дамагчыся ад Беларусі ўступак у пэўных сферах».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0