У нядзелю на тэрыторыі аддзялення ДАІ Слонімскага РАУС адбыўся збор уладальнікаў скутэраў і мапедаў. Такое мерапрыемства наладзілі супрацоўнікі ДАІ.

На сустрэчу прыйшло шмат уладальнікаў мапедаў і скутэраў. Начальнік аддзялення ДАІ Слонімскага РАУС Сяргей Шэўчык нагадаў усім, што вадзіцелю мапеда забараняецца выкарыстоўваць тэхнічна няспраўныя мапеды, а таксама абсталяваныя з парушэннем тэхнічных нарматыўных прававых актаў, забараняецца перавозіць пасажыраў, за выключэннем дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў на дадатковым, спецыяльна абсталяваным сядзенні, забараняецца без суправаджэння дарослага кіраваць мапедам на дарозе асобам, якім не споўнілася шаснаццаці гадоў. Вадзіцелю мапеда забараняецца ездзіць па тратуарах, веласіпедных і пешаходных дарожках і г.д.

Пасля Сяргей Шэўчык адказаў на пытанні вадзіцеляў. Найбольш пытанняў да начальніка ДАІ было наконт таго, чаму нельга на скутэрах ездзіць двум дарослым людзям, але можна на скутэры перавозіць дзяцей да сямі гадоў. Былі і іншыя пытанні, на якія ўладальнікі мапедаў і скутэраў пачулі пэўныя адказы. Акрамя гэтага, яны атрымалі памяткі пра тое, што з правіламі эксплуатацыі мотасродкаў і адміністрацыйнай адказнасцю за парушэнне ПДР яны азнаёмленыя.

На сустрэчы супрацоўнікаў ДАІ з уладальнікамі мапедаў і скутэраў прысутнічалі архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, а таксама іншыя праваслаўныя святары з Жыровічаў.

Яны асвяцілі транспартныя сродкі слонімцаў і пажадалі ўсім шчаслівых дарог. Потым святары таксама асвяцілі перакрыжаванні вуліц нашага горада.

Сяргей Чыгрын, Газета Слонімская

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0