Фота-АР

Фота-АР

Пакуль у Беларусі толькі рыхтуюцца адзначыць Купалле, у Ангельшчыне святкуюць напоўніцу:
больш за 35 тысяч чалавек, большасць проста святкоўцы і толькі пэўная частка – перакананыя паганцы, цэлую ноч танчылі, білі ў бубны і вадзілі карагоды ля помніка старажытнай культуры Стоўнхедж, каб сустрэць найдаўжэйшы дзень года ў паўночным паўшар’і.

Брытанскія ўлады асцерагаліся, што беспрэцэндэнтна вялікая колькасць святкоўцаў спрычыніцца да праяваў гвалту, але штогадовы фэст у коле камянёў быў збольшага ціхамірны. «Гэта самае таямнічае месца на Зямлі», – кажа Фрэнк Сомерс, прадавец антыкварыяту, апрануты ў старадаўнія шаты друідаў. - «Калі кратаеш каменне, адчуваеш цеплыню, нібыта кранаеш дрэва, а не камень. Тут лунае сапраўдная любоў, гэта проста адчуваецца».

Стоўнхедж, які знаходзіцца ў даліне Солсберы, блізу 130 кіламетраў на паўднёвы захад ад Лондана, адна з найпапулярных турыстычных славутасцяў Брытанскіх выспаў, якую штогод наведваюць блізу 750 тысяч чалавек.

Паводле археолагаў Стоўнхедж будавалі ў тры этапы, больш за тысячу гадоў (паміж 3000-1600 гг. да н.э.). Усталяваныя на полі ў пэўным парадку камяні лічаць загадкавым месцам, і навукоўцы не стамляюцца высоўваць тэорыі наконт ягонага паходжання: адныя цвердзяць, што гэта старажытныя клады, другія даводзяць, што – лабірынт з функцыямі паганскай бажніцы, а трэція перакананыя, што Стоўнхедж - лётнішча, пабудаваная прыхаднямі з космасу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?