Пяць гадзінаў року бясплатна прапануюць аматарам музыкі арганізатары праекту «Жывы гук ON‑line».

27 чэрвеня а 17 00 на падворку Цэнтральнага дома афіцэраў (летняя веранда інтэрнэт‑кавярні) распачнецца першы канцэрт у межах адноўленага сёлета праекту. Падчас яго выступяць L.I.P. з Стасяй, «Мутнаевока», Krok, Open Space, Hair Peace Salon і GARADzKIJA.

Ладзяць «Жывы гук ON‑line» вядомы рок‑гітарыст Піт Паўлаў ды інтэрнет‑кавярня «Саюз ON‑line». Асаблівасць праекту складаецца ў прынцыповым выступе музыкаў «жыўцом» і адначасовай трансляцыі канцэрта па інтэрнэце. Такім чынам, пабачыць і пачуць любімых артыстаў можна будзе не толькі ў сталіцы, але і за мяжой.

***

Упершыню праект «Жывы гук ON‑line» быў рэалізаваны ў 2005 годзе. Тады ў кавярні загралі N.R.M., «Крамбамбуля», Neuro Dubel і GARADzKIJA, а па выніку была выдадзеная складанка. У планах было яшчэ шмат выступоўцаў, сярод якіх «Лепрыконсы», Kriwi, J_Морс, «Ляпіс Трубяцкі», Зміцер Вайцюшкевіч і нават Ірына Дарафеева. Але хутка праект быў вымушыны згарнуцца, каб зноў паўстаць толькі цяпер.

У адрозненне ад канцэртаў чатырохгадовай даўніны, гэтым разам арганізатары ставяць сабе галоўнай мэтай не прыцягнуць «зорак», а стварыць адмысловую «каляканцэртную» атмасферу разняволенасці ды сяброўства з гутаркамі, півам і танцамі. Такія кампактныя фэсты плануецца ладзіць штомесяц.

Ад пачатку праект выклікаў вялікую зацікаўленасць з боку айчынных гуртоў рознага музычнага накірунку: року, фолку, гранжу, тэатральнай дзеі («Дзецідзяцей», «Разбітае сэрца Пацана»), металу і г.д. За першы тыдзень арганізатары атрымалі болей як 30 заявак. Гурты, якія прайшлі адбор, але не патрапілі ў «першы склад», змогуць выступіць на наступных канцэртах.

Больш таго, арганізатары вырашылі працягнуць кастынг да 27 чэрвеня. Запісы, інфармацыю пра гурт, запрашэнні на рэпетыцыі і ўсё, што можа дапамагчы скласці ўражанне пра творчасць каманды, яны заклікаюць дасылаць на адрас прэс‑службы праекту: [email protected] альбо паведамляць праз тэлефоны: (029) 688‑61‑74, (029) 259‑96‑54.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?