Як паведамляе «Gazeta Wyborcza», будаўніцтва лініі электраперадачы стала найбольш важным прадметам абмеркавання двухдзённага першага Беларуска‑польскага эканамічнага саміта.

Беларускі бок у Варшаве прадстаўляў віцэ‑прэм’ер Андрэй Кабякоў і міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц. — Паляпшэнне беларуска‑польскіх адносінаў з першых дзён майго кіраўніцтва было высокім прыярытэтам, —адзначыў пасля прэм’ер‑міністр Польшы Дональд Туск.

Беларускія прадстаўнікі ў асноўным казалі пра будаўніцтва энергетычнага маста паміж дзвюма краінамі. Сёння ёсць дзве лініі электраперадачы, але яны невялікія. Першая — «Беласток‑Рось» магутнасцю 230 МВт. Другая лінія злучае Брэст і Вулька‑Дабрынская. Яна належыць прыватнаму інвестару і мае маленькую магутнасць — 120 МВт. Абедзве не працуюць.

Гэта сітуацыя хутка можа змяніцца. Польская энергетыка з 2013 года будзе яшчэ больш абкладзеная выдаткамі ў сувязі з выкідам ў паветра вуглякіслага газу. Энергетыка згодна з кліматычным пакетам ЕС будзе змушана купляць ўсё больш і больш правоў на выкід СО2. Але Беларусь не з’яўляецца чальцом ЕС, таму гэтыя стандарты яе не тычыцца. З гэтай прычыны Польша зацікаўленая ў імпарце электраэнергіі.

Адзін з самых багатых палякаў Ян Кульчык ужо вядзе перамовы з «Белэнерга». Яго кампанія жадае пабудаваць вугальную электрастанцыю ў Беларусі з магутнасцю прыкладна 1000 МВт. — Гэта праект коштам 1 млрд еўра, ток з электрастанцыі будзе накіраваны ў Польшчу, — кажа Марта Высоцка, адвакат холдынгу. — Вугаль таксама будзе прывозіцца і з Польшчы, а ўмовы яго дастаўкі, зразумела, будуць эканамічна эфектыўнымі. — дадае яна. Зараз Кульчык шукае партнёраў, якія змаглі б дапамагчы стварыць і фінансаваць станцыю. Невядома, ці абрала кампанія месца для будаўніцтва.

«Gazeta Wyborcza» таксама адзначае, што лінія спатрэбіцца і з‑за таго, што ў 2015 годзе ў Астраўцы, верагодна, будзе пабудаваная першая атамная электрастанцыя. Беларусь зараз больш прасунулася ў будаўніцтве АЭС, чым Літва, з якой Польша таксама будуе лінію электраперадачы.

Gazeta Wyborcza, ВЖ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0