На сустрэчы з растоўскім губернатарам Чубам Лукашэнка фармальна пракруціў кружэлку стратэгічнага партнёрства з Расіяй. А дэ-факта — матываваў заходні трэнд.

Ён акуратна прайшоўся па ўсім рэестры крыўдаў на Маскву, згадаў пра каскад войнаў — ад газавай да малочнай. І рэзюмаваў: «Кожны год мы дыверсіфікуем свой гандаль, паступова адыходзім ад Расіі. Чаму так адбываецца? Таму што нас душаць, спрабуюць выціснуць з расійскага рынку».

Маўляў, самі вінаватыя, што ўжо такая ж доля нашага экспарту прыпадае на ЕС. Хаця,

калі разабрацца, то ў Еўропу мы гонім пераважна нафтапрадукты з расійскай сыравіны. І шалёны скачок экспарту туды прыпаў менавіта на перыяд самых шчодрых датацый, калі нам пампавалі нафту па «братэрскіх» цэнах.

Увогуле ж зразумела, што праз галаву Чуба Лукашэнка апеляваў да Мядзведзева з Пуціным: глядзіце, хлопцы, можаце шмат страціць! Спадзяванне найперш на тое, што спрацуюць вядомыя фобіі расійскіх эліт.

Увесь час скразіў падтэкст: на вас свет клінам не сышоўся. Высветлілася, напрыклад, што сухое малако, ад якога вернуць нос расійскія дзеячы, за мілую душу ўзялі туркмены. І замежнікі па яго ўжо ў чарзе стаяць. Ну а калі Расія не пускае нашы камбайны, то мы будзем прадаваць сельгастэхніку ў ЕС, вось толькі сертыфікаты атрымаем. Ферэра-Вальднер абяцала паспрыяць.

Цяжка сказаць, дзе тут факт, а дзе блеф. Наўрад ці, напрыклад, разбэшчаныя якасцю машын нямецкія баўэры накінуцца на прадукцыю «Гомсельмаша» ці нават МТЗ. Ды і ўвогуле

не тая зараз сітуацыя, каб ажыццяўляць эканамічную экспансію ў Стары Свет. Хутчэй можна лічыць, што яму дасланы SOS. Зварот да Еўрасаюза па грошы (пра што сенсацыйна распавёў міністр Харкавец) — гэта знак бяды, адчайнага становішча айчынных фінансаў.

У ЕС ёсць нейкі загашнік, але ўвогуле гэта не банк. Іншая рэч, што слова ўплывовых дзеячаў гэтай інстытуцыі, канечне ж, мае вагу і для банкіраў.

Зацяганы ўжо прыклад пра мільяд долараў ад МВФ «назло Расіі» сведчыць, што Захад не цураецца і метаду перакупкі. Дарэчы, зараз для ЕС вельмі зручны момант, каб мякка прасоўваць некаторыя свае ўмовы што да дэмакратыі і правоў чалавека.

Калі фінансы спяваюць рамансы, то ў пэўнай ступені Мінск можа і «ахвяраваць прынцыпамі». Эксперты прагназуюць, што магчымы саступкі (вядома ж, надта дазаваныя) ў галіне выбарчага заканадаўства і свабоды прэсы.

Тым часам расійскія палітолагі дружна палохаюць Лукашэнку, што Еўропа яго зжарэ і не падавіцца. Намякаюць на лёс Мілошавіча і ўсё такое.

Але пасля апошніх «наездаў» крутых маскоўскіх братаноў мінскае начальства, не выключана, зрабіла выснову, што еўрапейскае «зло», ўвасобленае у далікатных просьбах вытанчанай Ферэра-Вальднер, можа аказацца меншым.

ЗЫ. Беларускае начальства ўпадабала нават «варожыя галасы» :) Лукашэнка прывёў Чубу прыклад: паводле апытання «Рэха Масквы», 80% расійцаў любяць наша малако!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?