Сёння суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля пакарала пяцёх удзельнікаў акцыі памяці зніклага без звестак генерала Юрыя Захаранкі.
Пётр Кузняцоў, Васіль Палякоў, Юрась Захаранка і Анатоль Паплаўны аштрафаваныя на 350 тысяч рублёў кожны.
Рэгіянальны каардынатар руху «За Свабоду» Уладзімер Кацора арыштаваны на трое сутак.
На знак пратэсту ён абвясціў у залі суду сухую галадоўку.
Перад пачаткам разбору спадар Кацора, як і іншыя актывісты, выказаў недавер суддзі Марыне Дамненцы. Яна занесена рэгіянальнай радай АДС у «чорны спіс» асобаў, якія спрычыніліся да пераследу гомельскіх дэмакратычных актывістаў.
Суддзя адхіліла ўсе хадайніцтвы пра недавер, выклік сведак і патрабаванне аднаго з абвінавачаных актывістаў весці разбор на беларускай мове. У адказ усе актывісты адмовіліся даваць якія‑колечы тлумачэнні. Суд завяршыўся пад гучнае скандаванне прысутных: «Ганьба!»