Адпаведны ліст у Мінск ужо накіраваны, паведаміў кіраўнік праўлення «Газпрома» Аляксей Міллер на прэс-канферэнцыі ў Маскве 26 чэрвеня.

У выпадку непагашэння доўгу пастаўкі могуць быць спыненыя.

«Доўг Беларусі складае 244 млн даляраў, і мы накіравалі ліст з патрабаваннем пагасіць гэты доўг», — прыводзіць РІА «Навіны» словы Міллера.

«Мы чакаем канструктыўнага адказу, — падкрэсліў ён. — Спадзяемся, што назапашаная задоўжанасць з пачатку году будзе пагашана. У адваротным выпадку мы будзем дзейнічаць у адпаведнасці з дзеючым кантрактам.

Гаворка ідзе пра тое, што мы можам звярнуцца ў суд, таксама кантрактам прадугледжана магчымасць і скарачэнне аб’ёмаў пастаўкі».

Міллер абвергнуў інфармацыю пра вусную дамоўленасць пра сярэднегадавую цану на газ паміж Расіяй і Беларуссю:

«З беларускага боку вы чуеце словы, што ёсць нейкая дамоўленасць пра тое, што Беларусь будзе плаціць за газ па нейкай сярэдняй цане 50 даляраў за тысячу кубаметраў. Так, сапраўды падчас перамоваў на высокім узроўні гэтае пытанне абмяркоўвалася, але так і не знайшло ніякага адлюстравання ў дапаўненнях да кантракту, і на сёння у нас з нашымі беларускімі калегамі дзейнічае кантракт, у адпведнасці з якім яны павінны плаціць па формуле цаны ў адпаведнасці з паправачным каэфіцыентам на 2009 год».

26 чэрвеня віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што Беларусь прапаноўвае «Газпрому» юрыдычна аформіць сярэднегадавую цану на газ для Мінска.

«Беларусь прапаноўвае «Газпрому» юрыдычна замацаваць у выглядзе дадатковага пагаднення да кантракта вусную дамоўленасць прэзідэнтаў Беларусі і Расіі аб аплаце Мінскам газу сёлета па сярэднегадавой цане», — сказаў Сямашка.

Ён нагадаў, што аб аплаце Беларуссю расійскага газу па сярэднегадавой цане прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў дамовіліся ў сакавіку 2009 года на сустрэчы ў Завідаве.

«Прэзідэнты дзвюх краін дамовіліся, прэм’еры дамовіліся. У вас (у «Газпроме». — БелаПАН.) на стале ляжыць дадатковае пагадненне да кантракта, таму, калі ласка, падпішыце. Мы пунктуальна выконваем дамоўленасці і выплачваем па 150 долараў за тысячу кубаметраў, з другога паўгоддзя паступова пачынаем пагашаць раней утвораную запазычанасць», — сказаў Сямашка.

Віцэ‑прэм’ер падкрэсліў, што дадзеная пазіцыя выкладзена ў лісце «Газпрому» ў адказ на атрыманае «Белтрансгазам» пасланне з патрабаваннем «неадкладна пагасіць запазычанасць на 234 млн. даляраў, якая ўтварылася ў выніку таго, што кантрактная цана газу ў студзені—красавіку перавышала сярэднегадавую цану, якая фактычна аплачваецца Мінскам». Пры гэтым Сямашка зазначыў, што Беларусь ужо паступова выплачвае запазычанасць, і да лістапада 2009 года яна будзе цалкам пагашаная.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што цана расійскага газу для Беларусі прывязана да сусветных цэнаў на нафту. «Сёлета мы скочылі адразу на цану 210 даляраў за тысячу кубаметраў. З 1 красавіка цана склала 157 даляраў, з 1 чэрвеня — 115», — сказаў Сямашка. Паводле яго словаў, да канца году кошт расійскага газу складзе прыкладна 119 даляраў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0