Тоні Кёрціс і Мэрылін Манро

Тоні Кёрціс і Мэрылін Манро

Джо Браўн і Джэк Леман

Джо Браўн і Джэк Леман

Сёлета спаўняецца 50 гадоў ад выхаду на кінаэкраны стужкі «У джазе толькі дзяўчаты». Пра тое, як здымалі адну з найпаспяховых камедыяў у гісторыі Галівуда.

1. Яго Вялікасць Рымейк

Ідэя «У джазе толькі дзяўчаты» нарадзілася, калі Білі Вайлдэр, аўстрыец з паходжання, у 30-ыя гады паглядзеў забытую за сённяшнім светам нямецкую стужку Fanfaren der Liebe («Фанфары кахання»), дзе адзін сюжэтны выгін зрабіўся галоўнай лініяй для «джазаўскай» камедыі: двум беспрацоўным музыкам даводзіцца далучыцца да аркестру, які складаецца выключна з жанчынаў.

Камедная сітуацыя з пераапрананямі і блытанінай з поламі ўразіла Вайлдэра, бо абяцала яму шмат сцэнарных дывідэндаў у выглядзе процьмы камічных сітуацый і купы вострых жарцікаў. Вайлдэр і сцэнарыст Ітэк Дайманд адно перанеслі дзеянне стужкі ў Амерыку. Але ж не задаволіліся тым, што зрабілі з галоўных герояў беспрацоўных музыкаў, які шукаюць работу за ўсякую цану. Аўтарам будучага фільма была патрэбная яшчэ адна важкая прычына, зачэпка, якая б прымусіла двух хлопцаў добраахвотна пераапрануцца ў жанчынаў. Нядаўняя амерыканская гісторыя ўрэшце падказала Вайлдэру і Дайманду свежы сюжэтны ход.

Увагу фільмаробаў прыцягнуў крывавы крымінальны разбор гангстэраў, які ў прэсе атрымаў назву «Разня на дзень святога Валянціна», што адбыўся ў 1927 годзе ў закінутым чыкагскім гаражы.

Цяпер жа, у сцэнары Вайлдэра і Дайманда, вымысленыя персанажы, музыканты Джо і Джэры, выпадкова робяцца сведкамі вялікай перастрэлкі, у якой памагатыя цалкам рэальнай гістарычнай персоны, мафіёзі Аль Капонэ «парашылі» некалькі сваіх канкурэнтаў. Каб ашукаць забойцаў-пераследнікаў, музыкі пераапранаюцца ў джаз-музыкантак і далучаюцца да дзявочага бэнда, які кіруе ў цёплую Флорыду.

Дарэчы, гангстэрскія матывы ў «Джазе» абумовілі яго чорна-беласць. Напачатку Вайлдэр думаў здымаць фільм каляровым – а ў 1959 Галівуд ужо напоўніцу штукаваў стужкі ў колеры - аднак урэшце вырашыў, што чорна-белы фармат найбольш пасуе для адлюстравання разгульнай эпохі 30-х. Аддаючы павагу гангстэрскім стужкам, цэламу этапу ў амерыканскім кіно, Вайлдэр нават задзейнічаў актора Джорджа Рафта, які колісь праславіўся выключна тым, што граў чыкагскіх бандзюкоў.

2. …не толькі дзяўчаты

Не кранаючы мастацкіх вартасцяў стужкі, «У джазе толькі дзяўчаты» – па-ранейшаму адна з самых смешных стужак у гісторыі кінематографа. Кожны раз, пераглядаючы яе, хоць трохі абазнаныя ў гісторыі не перастаюць здзіўляцца, як рэжысёр Білі Вайлдэр і сцэнарыст Ітэк Дайманд, чыя мянушка была Ізі (анг. «лёгка», «проста»), так лёгка адкінулі ўсе тагачасныя стэрэатыпы наконт полаў, не пасаромеўшыся зняць дзёрзкі, поўны правакацыяў, фільм.

Вырашаючы што можна, а што нельга выводзіць на экран, Галівуд пры ўсіх яго тагачасных вольнасцях, кіраваўся найперш прынцыпам ўнутранай цэнзуры і падпарадкаваннем маральным стандартам грамадства.

І вось калі ласка: Амерыка, 50-ыя. У час, калі на экране забаронена паказваць мужчыну і жанчыну ў адным ложку, Вайлдэр і Дайманд наважваюцца зрабіць фільм, дзе не толькі мужчына і жанчына знаходзяцца ў адной пасцелі, але мужчыны нават танчаць з мужчынамі і нават – хай сабе жартам - прапануюць адзін адному руку і сэрца. Мала таго, як вам такі выбрык: мужчына, якому іншы мужчына прапанаваў узяць шлюб, яшчэ раздумвае: «можа, пагадзіцца?»

«Чаму мужчына захоча ажаніцца з мужчынам?» - пытае Джо свайго партнёра па фільму, Джэры, а той, усміхаючыся, адказвае: «Каб была ўпэўненасць». Нездарма ж у савецкім пракаце гэты фільм ішоў з вялікімі купюрамі і нават згубіў сваю першапачатковую назву - Some Like It Hot (бел. «Некаторыя любяць гарачанькае»).

Існуе не так шмат стужак у гісторыі кінематографа, дзе паняткі мужчына і жанчына настолькі слабаакрэсленныя і цякучыя. Прычына таго, што ўсё сыйшло з рук стваральнікам «У джазе толькі дзяўчаты», хаваецца, пэўна, у рэакцыі абываталя: «дык гэта ж усяго-толькі камедыя!». Камедыя ніколі не лічылася небяспечнай з гледзішча маралі, але калі падобныя гульні з поламі трапілі ў «сур’ёзны» фільм, дык няма сумневу: грамадская думка абрынула б на яе ўсю моц сваёй крытыкі. Амерыка, захопленая іскрамётнай камедыяй, нават не заўважыла наступ на уласную, досыць пурытанскую мараль. Адзіныя, хто ўзняўся супраць стужкі, была ўплывовая арганізацыя «Каталіцкі Легіён Прыстойнасці», які зазвычай класіфікаваў усе новыя фільмы. Арганізацыя дала фільму адзнаку С, як першая літара слова condemned («асуджаны»). Але пратэст «Легіёна» не паўплываў на шалёны поспех стужкі: з бюджэтам у 3 мільёны даляраў толькі ў Штатах «У джазе толькі дзяўчаты» прынес сваім стваральнікам 30 мільёнаў, што ў цэнах таго часу складала астранамічны прыбытак.

3. І так 50 разоў…

Спярша галоўную гераіню, джаз-спявачку з польскімі каранямі, Душачка Кейн Кавальчык, мусіла граць не Мэрылін Манро, а Мітцы Гейнар, досыць вядомая па м’юзікле «Поўдзень Ціхага акіяну» акторка. Але калі Вайлдэр даведаўся, што Мэрылін праяўляе цікавасць да сцэнару, дарма што меў цяжаваты досвед супрацы, хуценька адмовіў Гейнар. Колісь Вайлдэр здымаў Манро ў камедыі «Сверб сёмага году» і ўжо тады яна зводзіла яго з розуму недарэчнымі як на прафесійную акторку паводзінамі: адвечнымі спазненнямі і амаль татальнай няздольнасцю запомніць тэкст. Калі ж Вайлдэра спыталі, чаму, нягледзячы на сваю амаль адкрытую незадаволенасць працай Мэрылін Манро, ён усё ж пагадзіўся працаваць з ёй зноў, той адказаў: «Ведаеце, у Вене ў мяне засталася цётка, прафесійная акторка: абсалютна адказная асоба, ніколі не спазняецца на сустрэчу, можа выдатна вывучыць любы тэкст на памяць… Але ёсць адно «але»: ці захочаце вы выдаткаваць хоць бы адзін цэнт, каб пабачыць на экране маю цётку?» У дадатак Вайлдэр прызнаўся, што Мэрылін - выдатная камічная акторка, і толькі душэўныя праблемы не дазваляюць ёй раскрыць свае таленты напоўніцу. Сапраўды: здаралася, Мэрылін Манро магла за адзін дубль яскрава сыграць даўжэзную для кіно, троххвілінную сцэну, а былі дні, што за ўвесь дзень не магла прыгадаць пару словаў.

Аднойчы спатрэбілася 50 дубляў, каб зняць, як Мэрылін заходзіць у гатэльны пакой, адчыняе шуфлядку ў шафе і пытаецца «А дзе «Бурбон?».

Акторка цэлы дзень казала: «Дзе віскі?», «Дзе бутэлька?» і «Дзе банбон?». Справа зварухнулася толькі тады, калі ўзлаваны Вайлдэр абклеіў усё днішча шуфлядкі цыдулкамі са словамі акторкі.

Манро магла не прыходзіць на здымкі па некалькі дзён, і яе партнёры мусілі варыцца ў зацеснай жаночай вопратцы на нязручных абцасах. Але Тоні Кёрціс у сваім мемуарах поўніцца сімпатыяй да Манро. Рэч у тым, што колісь на золку сваіх кар’ераў, у іх быў раман. Яны сустрэліся ў 1948 калі Манро яшчэ не была кіназоркай. Аднак абодва акторы былі надта забаўленыя прасоўваннем уласнай кар’еры, і таму неўзабаве разышліся.

4.Чаму б нам не ажаніцца?

Найцяжэй далася сцэна вячэры на яхце, калі Кёрціс пераапранаецца ў мільянера, і прыкінуўшыся нямоглым у мужчынскай справе, просіць у спявачкі Кейн Кавальчык «вылячыць» яго нямогласць пацалункам. Вайлдэр надумаў зняць сцэну не так, як тое тады вялося ў Галівудзе, калі мужчына цалуе жанчыну. Наадварот, паводле сцэнару Манро павінна была сама нахіліцца для пацалунка над Кёрцісам, трымаючы ў руцэ курыную ножку з вячэры.

Гэта быў адзін з «амнезійных» дзён Мэрылін: яна штораз забывала словы, і сцэна з пацалункам здымалі так шмат дубляў, што ў сваіх мемуарах Кёрціс сцвярджае, што праз тое, што зашмат бачыў перад сваімі вачмі курыную нагу, стуль ён дастаў трывушчую алергію да курыных ножак.

Пад канец кожны раз, што Манро цалавала Кёрціса, дык той, ці то ад эйфарыі, ці то ад стомы, стаў падкідваць сваю левую ногу ўгору. Прастанне нагі пры пацалунку зрабілася адной са знаходак фільму. Зноў жа, нельга не здзівіццца, чаму цэнзура не заўважыла схаваны сімвалізм гэтай сцэны. Дарэчы менавіта ў канцы таго ж дня Тоні Кёрціс, тагачасны сэкс-сімвал зласмешна заўважыў, што цалавацца з Манро, гэта ўсё роўна што цалавацца з Гітлерам. Хаця ў сваіх мемуарах Кёрціс сцвярджае, што ў яго словах не было і каліва зласлівасці. Калі пасля працоўнага дня рабочыя сцэны абступілі яго і пачалі пытацца, як гэта цалавацца з звышкрасуняй, дык ён палічыў, што на дурнаватае пытанне трэба даваць ня менш недарэчны адказ, піша Кёрціс, і таму адказаў першае, што ўроілася ў галаву. Ён чакаў, што рабочыя прымуць яго словы адэкватна і адно пасмяюцца, але адзін з рабочых пераказаў Біліну словы прэсе, і фраза абрасла скандалам.

5.«Ніхто не дасканалы»

«У джазе толькі дзяўчаты» завяршаецца адным з самых знакамітым сказаў у гісторыі камедыйнага кінематографа. Музыкант Джэры, які прыкідваецца музыканткай Дафні, выкладвае перад мільянерам Осгудам Філдынгам ІІІ-м, прычыны па якіх ён не можа зрабіцца яго жонкай: ён жа не натуральная бландынка, у яго не будзе дзетак, і ў дадатак ён увогуле мужчына. Осгуд кідае паблажлівы позірк на мужчына-жанчыну і кажа: «От сабе, ніхто не дасканалы!» Вайлдэр не думаў, што гэта пасоўны сказ, каб завяршыць фільм, але паколькі нічога лепшага сцэнарыст не прапанаваў, было вырашана пакінуць гэты сказ на выпрабаваўчы, папярэдні прагляд, які практыкуюцца ў Галівудзе. І на эксперыментальным праглядзе гледачы так актыўна смяяліся на гэтым моманце, што фразу вырашылі пакінуць. Можа быць, ніводзін актор паасобку не дасканалы, але такія супольныя працы, як «У джазе толькі дзяўчаты», напэўна, так.

Ліза Кавальчык

Мэрылін Манро. «Я хачу быць каханай табою»:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0