Вікторыя Азаранка

Вікторыя Азаранка

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал «Уімблдону». За выхад у гэтую стадыю яна ў цяжкім трохсэтавым паядынку перамагла расіянку Надзю Пятрову.

Перад гульнёй суперніцы знаходзіліся побач у рэйтынгу WTA. Віка была восьмай, Надзя — дзесятая. Тэнісісткі тройчы сустракаліся між сабой. Перавага належыць расіянцы — 2:1.

У першай партыі Азаранка вельмі хутка ўзяла падачу праціўніцы. Што праўда, з такой самай хуткасцю саступіла і сваю. У выніку справа дайшла да тай‑брэйку, дзе барацьба ішла «пункт у пункт». Усё ж фартуна ўсміхнулася Віцы — 7:5.

Здаецца, другі сэт Азаранка аддала Пятровай наўмысна, зразумеўшы, што не зможа навязаць барацьбу — 2:6. Затое ў трэцяй партыі пайшоў тыповы жаночы тэніс. З мноствам памылак і барацьбой нерваў. Тэнісісткі аддавалі свае перадачы адну за другой.

Урэшце Азаранка аказалася больш крэпкай маральна. Ёй атрымалася не толькі зачапіць чужую падачу, але і адстаяць сваю, а потым і паўтарыць гэты фінт — 6:3.

Вікторыя ўпершыню выйшла ў васьмёрку мацнейшых на «Умблдоне». У чвэрцьфінале яна сустрэнецца з амерыканкай Сірэнай Уільямс.
Сёлета тэнісісткі сустракаліся ўжо двойчы. У Мельбурне Азаранка вымушана была адмовіцца ад барацьбы праз праблемы са здароўем, а вось у Маямі беларуска перамагла. Як тое будзе на гэты раз?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?