Алена Шарэпа-Лапіцкая, фота Юліі Дарашкевіч.

Алена Шарэпа-Лапіцкая, фота Юліі Дарашкевіч.

Алёна Шарэпа‑Лапіцкая з тых жанчын, якія ў любым узросце і ў любых жыццёвых абставінах выклікаюць захапленне сваёй сілай, жаноцкасцю, шляхетнасцю.

Ёй скора будзе 92 гады. Яна жыве сама ў мінскай кватэры. Няпроста ў такім веку. Увогуле, лёс не песціў яе: у 9 гадоў яна страціла слых, перахварэўшы на наймацнейшы атыт, цяпер амаль не бачыць… Але нас сустрэла не бездапаможная старая, а выкшталцоная кабета.

Спадарыня Шарэпа‑Лапіцкая ўспамінала дзяцінства, бацькоў, братоў, родныя мясціны Вілейшчыны — і выразная карціна жыцця паўставала з яе словаў. Станавілася зразумелым, адкуль, з якіх выпрабаванняў вырастаюць у беларускім нацыянальным руху такія нязломныя асобы, як яе брат Расціслаў, як яна сама…

Яна нарадзілася ў Разані: сям’я мусіла выехаць у эвакуацыю падчас Першай сусветнай. Маці хацела назваць дачку Алёнай, але бацька запісаў яе як Вольгу — ён усіх сваіх дзяцей называў імёнамі Кіеўскіх князёў. Так і засталася дзяўчынка з двума імёнамі. Неўзабаве сям’я вярнулася на радзіму, у вёску Касута, што на Вілейшчыне.

У сям’і было пяцёра дзяцей: Вадзім, Вольга (Алена), Алег, Ігар, Расціслаў. Бацька, Аляксандр, быў дзяком, а маці, Настасся, займалася гаспадаркай. Толькі вось ладу, разумення, кахання не было ў сям’і…

«Браты — мой сум», — так гаворыць спадарыня Алёна.

Яна паказвае даўні фотаздымак брата Ігара: на вышыванай падушцы прыгожы, бы анёлак, хлопчык гадоў шасці.

«Неяк летам бацька ўсіх нас, дзяцей, вывеў сцягваць лён. І Ігар таксама насіў снапы. Гэта ж цяжка шасцігадоваму, ды быў ён босы — і пракалоў асцём нагу. Я заліла рану ёдам, але бацька прымусіў Ігара зноў выйсці на поле. Рана загнаілася, пачалося запаленне. Маці думала, што ў Вільні лячыць будуць лепш, павезла хлопчыка туды. Але доктар не пабачыў, што пачалося запаленне крыві. І хлопчык памёр… Бацькава жорсткасць ды тупагаловасць доктара Яноўскага з Вільні загубілі яго…»

Неўзабаве пасля смерці Ігара нарадзіўся Расціслаў. Алена ўспамінае, як даглядала яго, як яны разам гулялі…

«Расціслаў быў вельмі справядлівы. Ён гаварыў пра камуністаў: «Я з імі не ўжывуся».

Яны ўвялі невыносныя падаткі. Адзін чалавек у нас у сяле не мог сплаціць, то павесіўся… Ды мы самі куплялі масла на апошнія грошы ды здавалі як падатак…

Але я нічога не ведала пра групу, якую стварыў Расціслаў. Толькі нешта так мяне ў Кабыльнік цягнула, хоць бегма бяжы… А гэта ў той час Расціслаў там хаваўся перад арыштам, мусіць, пра мяне думаў. Я жыла сама ў Вілейцы, працавала па людзях, капала бульбу, той бульбай мне і плацілі. Калі несла мех, аплату сваю, падвярнула нагу, хадзіць не магла. Ну, думаю, цяпер мая думка мяне нікуды не пагоніць, бо хадзіць не магу. І тут прыязджае матка і кажа: «Прапаў наш Славік, арыштавалі яго!»

Расціслава Лапіцкага расстралялі ў 1950 г., а ў 2009 г. нехта, мусіць, з нашчадкаў тых, хто расстрэльваў, знішчыў помнік Расціславу, пастаўлены вілейскімі актывістамі на месцы расстрэлу, ва ўрочышчы Красны Беражок. Я доўга вагалася, ці паведамляць пра гэта ягонай сястры. Усё ж рашылася.

«Знішчылі… Аааа… Аааа… — інтанацыю гэтага тонкага, нейкага дзіцячага стогну мне перадаць складана. Але жанчына справілася з першымі эмоцыямі. — І пасля смерці пераследуюць. Там, у Красным Беражку, трэба пасеяць кветкі, валошкі і рамонкі… Хай будзе кветкавы помнік».

Спадарыня Алена ўмее трымаць удар — у гэтым, пэўна, і сакрэт яе доўгажыхарства… Наша размова перацякае на іншыя тэмы, гаспадыня расказвае, як год ад году ездзіла ў Ялту, парадкавала там магілу Багдановіча… Паказвае верш «Мухамор», які напісала праз год пасля смерці брата, пад мухаморам маючы на ўвазе камуністычную ўладу:

    …І лес гудзеў несамавіта,
    Узнімаў пагрознай сілы скрып:
    Нашто людской крывёй заліты
    У нас такі разросся грыб?

…Адзінокую жанчыну, здавалася б, лёгка пакрыўдзіць. Але яна не дае сябе ў крыўду. Некалькі гадоў таму спадарыня Алёна перанесла інсульт.

Ёй стала дрэнна, і яна папрасіла жанчыну, якая тады дапамагала ёй, выклікаць доктара. «Напішыце дарчую на кватэру, тады выклічу», — адказала тая. Спадарыня Алёна адмовілася, і «памочніца» ляснула дзвярыма.
Суткі хворая прабыла без дапамогі…

Спадарыня Шарэпа‑Лапіцкая марыць выдаць новую кнігу сваіх вершаў. Марыць надрукаваць успаміны пра брата. Пытаецца, куды перадаць рэліквіі, якія ў яе захоўваюцца: лісты Зоські Верас, фатаграфіі, верш і малюнак аўтарства Расцілава. Марыць зноў пабываць у Касуце, Кабыльніку, Красным Беражку… Я думаю, што яе мары мусяць збыцца.

Як мусіць нехта і адказаць за гэты тонкі стогн, што вырваўся ў яе — за расстрэл Расціслава і за апаганьванне помніку яму.

Наталка Бабіна

* * *

Расціслаў Лапіцкі загінуў, змагаючыся за незалежнасць Беларусі

Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся ў 1928 годзе. У 1944 годзе далучыўся да антысавецкага супраціву, цэнтр якога быў у Віленскай духоўнай семінарыі, дзе ў той час вучыўся ягоны брат Алег Лапіцкі. МГБ раскрыла гэтую арганізацыю, Алег Лапіцкі атрымаў тады 10 гадоў зняволення, а Расціслаў, як малалетні — тры гады. У 1945 го¬дзе па амністыі юнак выйшаў на волю.

У мядзельскай, а потым у смаргонскай сярэдніх школах, дзе ён вучыўся у 1946—1949 гадах, Расціслаў аб’яднаў вакол сябе юнакоў і дзяўчат, якія не жадалі мірыцца з несправядлівасцю і нечалавечнасцю савецкага строю, у падпольныя групы. Асноўным спосабам дзейнасці быў распаўсюд антысавецкіх улётак.

У 1950 годзе група была раскрытая. Допыты, катаванні — і прысуд. Група ставіла сваёй задачай дабіцца незалежнасці Беларусі, што разглядалася савецкім рэжымам як асаблівае злачынства. Большасць атрымала па 25 гадоў лагераў, а кіраўнікі — Расціслаў Лапіцкі ды Факунда Несцяровіч — былі асуджаныя на расстрэл. Несцяровіч напісаў прашэнне аб памілаванні, і расстрэл яму замянілі зняволеннем, а Расціслаў пісаць такое прашэнне катэгарычна адмовіўся… Яго расстралялі ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі. Было яму тады 22 гады…

Ягоная сястра Алёна перажыла брата на 70 гадоў.

Больш пра Расціслава Лапіцкага ў кнізе: Міхась Чарняўскі. Як пошуг маланкі. — Мінск: Тэхналогія, 2006
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0