Мы гатовы вярнуцца да размовы аб паўнавартасным аднаўленні ўзаемнай дыпламатычнай прысутнасці пры ўмове поўнай адмены ўведзеных супраць нашай краіны санкцый і іх прававой асновы — Акта аб дэмакратыі ў Беларусі»,

— заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня на сустрэчы з дэлегацыяй кангрэса ЗША, якая знаходзіцца ў Мінску з аднадзённым візітам.

«Настаў час адысці ад старых схем і стэрэатыпаў і па‑новаму паглядзець на нашы адносіны. Упэўнены, што ваш візіт адкрые новую старонку ў гісторыі беларуска‑амерыканскіх адносінаў», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь выступае за «больш цесныя, разнапланавыя, канструктыўныя адносіны» са Злучанымі Штатамі Амерыкі. «Але яны павінны грунтавацца на прынцыпах суверэннай роўнасці бакоў, неўмяшання ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы, узаемнай павагі і даверу», — падкрэсліў прэзідэнт.

Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што адносіны Беларусі і ЗША «абавязкова нармалізуюцца».

«Пытанне заключаецца ў тым, хто гэта зробіць — мы з вамі, або пакінем іншым людзям, якія прыйдуць пасля нас. Давайце гэта зробім, не адкладваючы на потым тыя праблемы, якія існуюць», — звярнуўся прэзідэнт да кангрэсменаў.

Лукашэнка прапанаваў прыбраць «усе завалы, якія мы з вамі зрабілі і якія сёння перашкаджаюць нашым адносінам», а затым — пачаць «пісаць гісторыю больш светлымі фарбамі».

Пры гэтым ён зазначыў, што ў Беларусі разумеюць выгаду ад супрацоўніцтва з ЗША.
«Супрацоўнічаючы з вамі і абапіраючыся на вас, мы зробім жыццё нашага народа больш дастойным і хутчэй выйдзем з наступстваў сусветнага крызісу», — сказаў Лукашэнка. Ён зазначыў, што для наладжвання адносінаў Беларусь гатова адмовіцца ад сваіх інтарэсаў, калі толькі гэта не тычыцца пытанняў суверэнітэту і незалежнасці краіны.

Прэзідэнт лічыць, што прадстаўнікі кангрэса ЗША часта крытыкуюць яго і Беларусь у цэлым. «Але, крытыкуючы нас, я хачу, каб вы добра ўяўлялі сабе сітуацыю ў нашай краіне, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Ісціна павінна ляжаць у аснове гэтай крытыкі і ў аснове нашых адносінаў».

Як заявіў Лукашэнка, у Беларусі няма закрытых тэм ад ЗША:

«Мы поўнасцю адкрыты, што вы сёння хочаце ўбачыць — ідзіце і глядзіце. Вам будуць адкрыты ўсе шляхі, пачынаючы ад ваеннага комплексу і заканчваючы грамадзянскімі аб’ектамі».

У сваю чаргу кіраўнік амерыканскай дэлегацыі сенатар Бенджамін Кардэн зазначыў, што з абраннем новага прэзідэнта ЗША «з’явіліся новыя магчымасці для змены адносінаў паміж нашымі краінамі». «Шчыра спадзяюся, што менавіта мы зможам садзейнічаць нармалізацыі нашых адносінаў, але надзвычай важна, каб гэта адбывалася на фоне поўнай адпаведнасці крытэрыям АБСЕ ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека», — сказаў Кардэн.

***

Нагадаем, у лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Санкцыі прадугледжвалі замарожванне ўсіх банкаўскіх рахункаў канцэрна і яго прадстаўніцтваў у Германіі, Латвіі, ва Украіне, у Расіі і Кітаі, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, а таксама рахункаў даччынай кампаніі «Белнафтахім Ю‑эс‑эй». Апрача таго, амерыканскім бізнесменам прадпісвалася ўстрымацца ад кантактаў з канцэрнам.

У сакавіку 2008 года, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць з турмы экс‑кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, паслы Беларусі і ЗША былі адкліканы з Вашынгтона і Мінска для кансультацый, а штаты абодвух пасольстваў — скарочаны да мінімуму.

Тады ж Мінфін ЗША апублікаваў удакладненні, згодна з якімі пад дзеянне санкцый траплялі прадпрыемствы, доля «Белнафтахіма» ў якіх складае 50% і больш.

5 верасня 2008 года Мінфін ЗША на паўгода змякчыў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно». У лютым 2009 года дзеянне гэтага рашэння было прадоўжана да 1 чэрвеня, а затым — да 30 лістапада 2009 года.

Тацяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0