Пракуратура гораду Менску распачала крымінальную справу па артыкуле 193‑1 КК Рэспублікі Беларусь супраць прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі. 25‑гадовага жыхара сталіцы Яўгена Воўкава абвінавачваюць у дзейнасці ад імя незарэгістраванага «Руху яднання» (Царква Муна).

Як адзначае прадстаўнік ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы занепакоеныя вяртаннем уладаў да практыкі выкарыстання гэтага артыкула.

‑ Трэба адзначыць, што з 2006 году, калі ўступіў у дзеянне артыкул 193‑1, гэта першая крымінальная справа супраць прадстаўнікоў незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў.

І, натуральна, мы як праваабаронцы выказваем вельмі вялікую занепакоенасць гэтым. Улады пэўны перыяд не выкарыстоўвалі гэты артыкул, быў такі нейкі мараторый на яго выкарыстанне. Як усе мы памятаем, у мінулым годзе была прыцягнутая да крымінальнай адказнасці Кацярына Салаўёва, актывістка Маладога Фронту з Полацку. І пасля гэтага фактычна крымінальны артыкул 193‑1 не выкарыстоўваўся. І вось зараз па ім узбуджаная новая справа, — кажа Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што настойваюць на адмене артыкула 193‑1 КК Рэспублікі Беларусь.

‑ У краіне распачалася кампанія за адмену гэтага артыкула, ініцыяваная Асамблеяй НДА. І мы лічым, што, па‑першае, гэта ганебна — мець такі артыкул у Крымінальным кодэксе краіны. А па‑другое, выклікае здзіўленне, што пасля заяваў і Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у якіх значыцца патрабаванне да ўладаў краіны аб адмене гэтага артыкула, 193‑1 у Беларусі па‑ранейшаму выкарыстоўваецца. Мы спадзяемся, што нашым уладам хопіць розуму не даваодзіць гэтую справу да судовага разбіральніцтва, — адзначае праваабаронца.

Паводле В. Стэфановіча, адносна дадзенай крымінальнай справы няма доказаў таго, што дзейнасць Царквы Муна ўяўляе нейкую пагрозу.

Артыкул 193‑1 КК якраз‑такі і не патрабуе даказвання шкоды ад дзейнасці якой‑небудзь арганізацыі. Тут проста фармальны склад злачынства — «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», незалежна ад таго, чым гэтая арганізацыя займаецца.

‑ Што датычыцца канкрэтна Царквы Муна, наколькі мне вядома, праводзілася экспертыза ў дадзенай крымінальнай справе, якая не ўстанавіла таго, што дзейнасць гэтай арганізацыі носіць характар распальвання рэлігійнай варожасці. І я падазраю, што нряма ніякіх афіцыйных дакументаў, якія б забаранялі дзейнасць гэтай царквы на тэрыторыі Беларусі.

Але для нас тут важна менавіта выкарыстанне гэтага артыкула, паколькі ён не патрабуе даказвання нейкай шкоды. І так можна прадстаўніка любой арганізацыі падвесці пад крымінальную адказнасць, — падкрэслівае Стэфановіч.

Да таго ж, праваабаронца звяртае ўвагу, што следчы ў крымінальнай справе супраць Яўгена Воўкава — асоба невыпадковая. Ім прызначаны старэйшы следчы па найважнейшых справах пракуратуры Менску малодшы саветнік юстыцыі Грахоўскі С.В., які пераследаваў актывістаў Маладога Фронту — Палажанку, Корбана, Федарука, Гарэцкага і Янушэўскага.

29 чэрвеня следчы Грахоўскі адмовіў Ігару Валюку, які праходзіць сведкам па крымінальнай справе, у магчымасці прысутнасці адваката ў допыце. Пра гэта паведаміў адвакат Павел Сапелка, з якім у І.Валюка заключана адпаведнае пагадненне. Гэтая адмова расцэньваецца як супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі і з’ўляецца недапушчальнай. Дзеянні следчага груба парушаюць артыкул 62 Канстытуцыі РБ, які гарантуе кожнаму грмадзяніну «права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца у любы момант дапамогай адвакатаў у судзе і іншых дзяржаўных органах».

spring96.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0