Самы гучны вынік сустрэчы Лукашэнкі з амерыканскімі кангрэсменамі — указ аб памілаванні Зэльцэра.

Выраз «палітычны торг» датычна палітыкі афіцыйнага Мінска стаў ужо клішэ, маветонам для аналітыкаў. І тым не меней — гэта сапраўды фірмавы стыль рэжыму. Летась вызвалілі Казуліна ды іншых са спісу палітвязняў — і атрымалі ад Штатаў бонус: прыпыненне санкцый супраць двух прадпрыемстваў «Белнафтахіма». Цяпер вось на шалю вагаў кладзецца лёс небаракі Зэльцэра.

Улада дзейнічае ў сваёй парадыгме. Ей незразумелыя эфемерныя матэрыі. Ментальна бліжэйшы прымітыўны чэнч: ты — мне, я — табе.

Зрэшты, Лукашэнка зрабіў і яшчэ адзін вербальна шырокі жэст: прапанаваў зноў разгарнуць амбасады (пасля леташняй дыпламатычнай вайны ў іх засталося па жменьцы супрацоўнікаў). Аднак умовай паставіў скасаванне «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Дарэчы, дэпутат Крыстафер Сміт, адзін з сённяшніх гасцей Лукашэнкі, быў суаўтарам і палкім прамоўтэрам жорсткага антыдыктатарскага закона.

На скасаванне «Акта» Вашынгтон пакуль што не пойдзе. Але дэ-факта яго пазіцыя памякчэла. Адна з ідэй тога закона: ніякай фінансавай падтрымкі дэспатычнаму рэжыму! Цяпер жа амерыканцы паспрыялі, каб МВФ даў Мінску дадатковы мільярд. Атрымалася ў піку Маскве, якая затармазіла траншу на паўмільярда, запатрабаваўшы, са слоў Лукашэнкі, прызнаць Абхазію ды Паўднёвую Асецію.

Такім чынам, і ў падыходзе ЗША, бадай, пабольшала геапалітычнага прагматызму. Беларускай уладзе даюць бонусы за процістаянне Крамлю.

На сустрэчы з кангрэсменамі 30 чэрвеня Лукашэнка нават дазволіў сабе лёгкае ментарства, параіўшы Амерыцы адмовіцца ад стаўкі на палітыку сілы. Маўляў, павучыцеся ў Еўрасаюза, каторы ласкай дамогся куды большага прагрэсу ў дачыненнях з Беларуссю.

Сапраўды, Вашынгтон з санкцыямі зараз падвісае. Брусель аўтаномна перазагрузіў свае дачыненні з «апошняй дыктатурай», і пра еўраатлантычнае партнёрства ў беларускім пытанні можна казаць цяпер толькі вельмі ўмоўна.

Такім чынам, беларускае кіраўніцтва пашырае плацдарм для замежнапалітычнай гульні. Амерыканцам Лукашэнка ставіць у прыклад еўрапейскую «рэалпалітык». Еўрасаюзу накідае прагматычны дыялог, прадае непрызнанне каўказскіх рэспублік. Ну а Маскву палохае сыходам на Захад. У выніку хто болей, а хто меней, але ўсе праплачваюць.

Ці вялікі рэсурс у такога манеўравання? Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што дастаткова вялікі. І прыводзіць прыклад манеўраў кіргізскага кіраўніцтва, якое спачатку раскруціла на грошы Маскву скасаваннем дамовы на авіябазу з амерыканцамі, а потым аднавіла яе пад іншай шыльдай — ужо за даплату ў доларах.

Ну а Беларусь жа — сэрца Еўропы, тут такія бабкі можна касіць на манеўровай геапалітыцы! У прыватнасці, на нашай тэрыторыі — аж два надзвычай важныя для Крамля вайсковыя аб'екты, нагадвае эксперт.

Канечне, нават такое далёкае ад ідэалаў высокай палітыкі манеўраванне — гэта лепей, чым мёртва застыць у абцугах Крамля. Але будучыня Беларусі няпэўная. Рэпрэсіі прыглушаны, аднак і зменамі ў грамадстве не патыхае. Палітычная глеба выпалена, патэнцыял апазіцыі падарваны, соцыум апатычны, і наіўна думаць, што вертыкаль возьмецца культываваць тут парасткі грамадзянскай актыўнасці.

Геапалітычны жа акцэнт Захаду азначае, у прыватнасці, што ён у агляднай перспектыве (пры тым што захаваецца адрознасць у пазіцыях мягкацелага Бруселя і болей прынцыповага Вашынгтона) можа задаволіцца дэкаратыўнымі саступкамі ў галіне дэмакратыі.

І, ва ўсякім разе, не стане надта перашкаджаць новаму прэзідэнцкаму тэрміну Лукашэнкі, які паспеў ужо назваць кангрэсменаў сябрамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?