1 лiпеня ў цэнтралiзаваным тэставаннi будзе пастаўлена апошняя кропка. Апошнiмi ў пункты правядзення ЦТ прыйдуць абiтурыенты, якiм для паступлення трэба здаваць тэст‑экзамен па хiмii.

Мiж iншым, для пераважнай большасцi абiтурыентаў экзаменацыйны марафон ужо завяршыўся, i цяпер iм толькi застаецца дачакацца сваiх вынiкаў.

На сёння ўжо вядомыя вынiкi ўдзельнiкаў ЦТ па беларускай, расейскай мове, гiсторыi Беларусi i геаграфii.

Як «Звязда» паведамляла раней, на ЦТ па беларускай мове максiмальную колькасць балаў па 100‑бальнай шкале набралi сёлета 122 абiтурыенты.

А на ЦТ па расейскай мове зарэгiстравана 30 стабальных вынiкаў (у 2008 годзе такiх шчаслiўцаў было ўсяго 6 чалавек). Тры абiтурыенты спынiлiся ўсяго за адзiн крок ад гэтай вышынi. 36 маладых людзей набралi 98 балаў, 72 чалавекi — 97 балаў i 42 абiтурыенты — 96 балаў. А ў дыяпазон ад 90 балаў i вышэй «упiсалiся» 996 чалавек. 50 балаў i больш набралi 20 працэнтаў удзельнiкаў тэставання. А 10 балаў i менш — 11 тысяч 822 абiтурыенты, што складае 11 працэнтаў ад агульнай колькасцi ўдзельнiкаў. I 9 чалавек умудрылiся не набраць увогуле нiводнага бала, гэта значыць, што нават з прапанаваных варыянтаў яны не змаглi выбраць правiльны, цi, як любяць гаварыць апаненты тэставання, «не адгадалi нiводнага правiльнага адказу». Дарэчы, калi параўноўваць вынiкi абiтурыентаў, якiя здавалi на тэставаннi беларускую i расейскую мову, то, атрымлiваецца, што беларускую мову абiтурыенты здалi лепш (як i ў папярэднiм годзе).

На тэставаннi па гiсторыi Беларусi максiмальны вынiк — 99 балаў.

Iм можа пахвалiцца толькi адзiн чалавек. 4 абiтурыенты набралi 97 тэставых балаў (98 балаў няма нi ў каго). А 90 балаў i вышэй набралi 90 чалавек.

Разам з тым 50 балаў i больш здолелi набраць толькi крыху больш як 11 працэнтаў удзельнiкаў,

i 239 чалавек набралi 10 балаў i менш. Варта нагадаць, што гiсторыю Беларусi здавалi каля 26 тысяч абiтурыентаў. З iх 16 тысяч выбралi для здачы тэста беларускую мову. На ЦТ па геаграфii лепшы вынiк у абiтурыента, якi набраў 92 балы. 80 балаў i больш набралi 44 абiтурыенты, а 10 балаў i менш — 34 удзельнiкi. Нулявых вынiкаў на ЦТ па гiсторыi Беларусi i геаграфii не было.

У Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў нагадалi, што 2 лiпеня завяршаецца рэгiстрацыя для здачы цэнтралiзаванага тэставання ў рэзервовы дзень (6 лiпеня).
Рэзервовы дзень прызначаны для абiтурыентаў, якiя не змаглi ўзяць удзел у тэставаннi ў асноўны дзень з паважнай прычыне.

Дарэчы, у iнстытуце кантролю ведаў ужо рыхтуюцца сертыфiкаты для перадачы iх у ВНУ. Атрымаць свой сертыфiкат абiтурыенты змогуць у месцах рэгiстрацыi на цэнтралiзаванае тэставанне. Але не варта бегчы ў ВНУ ў блiжэйшыя днi, таму што сертыфiкаты перадаюцца ў пункты рэгiстрацыi не па адным, а адразу па некалькiх прадметах (па меры падвядзення вынiкаў). Таму ВНУ абавязкова праiнфармуюць удзельнiкаў ЦТ аб тым, калi распачнецца выдача сертыфiкатаў. Сачыце за паведамленнямi на сайтах ВНУ.

Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0