З 3 па 6 жніўня 2006г. па азёрах Берасцейшчыны пройдзе вандроўка «Рух добрай волі - 2006» - інфармацыйна-экалагічная акцыя моладзі, што ўдзельнічае ці жадае ўдзельнічаць у кампаніі «За свабоду».
Як заяўляюць арганізатары, практычных мэтаў у акцыі дзве: па-першае, інфармаванне жыхароў навакольных вёсак пра дзейнасць дэмакратычных арганізацый краіны, а па-другое, прыборка тэрыторыі вакол берасцейскіх азёраў ад смецця і ўладкаванне месцаў культурнага адпачынку для аматараў беларускай прыроды.
Акрамя таго, плануецца, што сустрэча дэмакратычна-арыентаванай моладзі з усёй Берасцейскай вобласці дапаможа знайсці новыя ідэі для кампаніі «За свабоду», дасць магчымасць маладым людзям з розных гарадоў абмяняцца досведам у правядзенні цікавых і крэатыўных акцый, якія мелі шырокі розгалас у грамадстве.
У межах «Руху добрай волі-2006» плануюцца разнастайныя культурныя, спартовыя і адукацыйныя мерапрыемствы, творчыя майстэрні, пешыя і водныя падарожжы. Плануецца, што ўдзел у вандроўцы возьме знаны бард Віктар Шалкевіч, на развітальнай імпрэзе выступіць берасцейскі рок-гурт «Сьцяна» (з ім пакуль вядуцца перамовы), а 5 жніўня да моладзі далучыцца лідэр дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.
Арганізатары запрашаюць далучацца да вандроўкі ўсіх маладых прыхільнікаў перамен з Берасцейскай вобласці.
Для ўсіх удзельнікаў будуць забяспечаны праезд, намёты і спальнікі, а таксама харчаванне падчас усёй вандроўкі.
Асноўныя ўмовы ўдзелу:
— Узрост ад 18 да 30 гадоў;
— Сталае пражыванне на тэрыторыі Берасцейскай вобласці;
— Удзел у вандроўцы ўсе дні - з 3 па 6 жніўня;
— Актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах.
Тых, хто жадае далучыцца да вандроўкі «Рух добрай волі - 2006» альбо атрымаць дадатковую інфармацыю, просім дасылаць свае кантакты ці пытанні на адрас: [email protected].