Праваахоўныя органы прыпынілі следcтва па справе аб раскопках дзвюх курапацкіх пахаванняў. Не знайшлі вандалаў.

6 ліпеня прыпыненае расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце апаганьваньня невядомымі дзьвюх пахаваньняў у Курапатах, пра гэта БелаПАН паведаміў старшы дазнавальнік УУС Мінскага аблвыканкама Сяргей Поляк.

Паводле яго слоў, прычына ў тым, што «не былі ўстаноўлены асобы, якія падлягаюць прыцягненьню да адказнасьці ў якасьці абвінавачаных». Разам з тым, як зазначыў супрацоўнік міліцыі, справа будзе адноўлена ў выпадку выяўленьня асоб, якія маюць дачыненьне да злачынства.

2—3 красавіка гэтага года ў Курапатах непадалёк ад галоўнай алеі, якая вядзе ад Крыжа пакут да найвышэйшага пункта ўрочышча, былі раскапаныя два масавыя пахаваньні ахвяр палітычных рэпрэсіяў часоў Сталіна. Злачынцы пакінулі на пяску астанкі людзей, а таксама рэшткі іх адзеньня і абутку. Па гэтым факце 4 красавіка УУС Менскага райвыканкаму была распачатая справа. 7 красавіка справа была перададзеная ва УУС Менскага аблвыканкама.

У Курапатах не раз учыняліся акты вандалізму, і толькі аднойчы злачынцы былі ўстаноўленыя. 30 мая 2009 года двое непаўналетніх менчукоў — навучэнцы школы і прафтэхвучылішча, абвінавачаныя ў зьнішчэньні памятных крыжоў у Курапатах, былі амніставаны сьледзтвам да суда. А ў сярэдзіне чэрвеня Бараўлянскі аддзел Мінскага РУУС прыпыніў яшчэ адну крымінальную справу па факце зьнішчэньня невядомымі шасьці памятных крыжоў у Курапатах.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0