Частка беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Палесціне, будзе эвакуіравана разам з расіянамі і грамадзянамі іншых краін СНД самалётам МНС Расіі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі гэтага ведамства.
Самалёт ІЛ-62 ужо вылецеў у Іарданію. Прадугледжваецца, што ён забярэ каля 70 грамадзян, перш за ўсё жанчын і дзяцей, якія знаходзяцца ў зоне палесціна-ізраільскага канфлікту. Мяркуецца, што з Палесціны ў Іарданію людзі будуць дастаўлены аўтобусамі пры садзейнічанні МЗС Расіі.
Гэта першая група грамадзян СНД, якія будуць эвакуіраваны з зоны канфлікту.
Расійскі бок робіць таксама захады па арганізацыі эвакуацыі расіян і грамадзян краін СНД з Лівана. Канкрэтныя тэрміны пачатку эвакуацыі з гэтай краіны пакуль не вызначаны. Разглядаецца таксама магчымасць адпраўкі да берагоў Лівана караблёў расійскага Ваенна-марскога флоту для забеспячэння бяспекі эвакуацыі.