Прэзентацыя выдання перарасла ў дыскусію. Былі ўзнятыя балючыя пытанні дыскрымінацыі незалежнай прэсы, а таксама прафесійнай этыкі.

Інтэрв’ю, якіх не было / Аляксандр Тамковіч. — Санкт-Пецярбург: Невский простор, 2009. — 194 с.

Кнігу «Інтэрв’ю, якіх не было» Аляксандр Тамковіч пачаў рабіць у жніўні 2008 году. Ён разаслаў некалькім дзесяткам сваіх калегаў пытанні, трыццаць дзевяць з іх адгукнуліся. Новая кніга журналіста складаецца з інтэрв’ю некалькіх дзесяткаў калегаў па цэху. Сярод суразмоўцаў Сяргей Дубавец, Сямён Букчын, Вольга Бабак, Святлана Калінкіна, Генадзь Кеснер, Сяргей Ваганаў ды інш. Кніга таксама ўключае фотапрацы беларускіх фотакораў — Наталлі Аблажэй, Сяргея Грыца, Уладзіміра Базана, Юліі Дарашкевіч, Дзмітрыя Брушка ды інш.

Заданне апынулася не такім простым, як падавалася на першы погляд, заўважыў адзін з удзельнікаў кнігі Віталь Тарас, бо трэба было напісаць пра сябе. «Мне здавалася, што я вас усіх даўно ведаю, але вашы адказы ў кнізе мяне здзівілі. Я нібы ўбачыў вас іншымі вачыма» — падзяліўся з прысутнымі на прэзентацыі аўтар кнігі. А адказаць журналістам давялося на пытанні пра выбар паміж «чэснай» і «нячэснай» журналістыкай, шлях у прафесію, стаўленне родных да выбару працы.

Прэзентацыю «Інтэрв’ю, якіх не было» наведалі не толькі журналісты, што бралі ўдзел у стварэнні кнігі, але і праваабаронцы, палітыкі. Асобныя словы Аляксандр Тамковіч прысвяціў маці зніклага 9 гадоў таму журналіста Дзітрыя Завадскага Вользе Рыгораўне, якая таксама прыйшла на імпрэзу. «Прыклад Завадскага, а таксама Веранікі Чаркасавай, паказвае, што побач з нашай прафесіяй ходзіць зло. Страшнае і бязлітаснае» — сказала старшыня БАЖ Жана Літвіна.

Прэзентацыя плаўна перарасла ў дыскусію. Былі ўзнятыя балючыя пытанні дыскрымінацыі незалежнай прэсы, прафесійнай этыкі (і ня толькі ў афіцыйным журналісцкім асяродку). Выдавец незалежнага бюлетэню з Клецку Сяргей Панамароў заклікаў мінскіх журналістаў не забывацца пра праблемы рэгіянальных незалежніцкіх асяродкаў. Была агучаная ідэя прысвяціць наступную кнігу ахвярнай працы праваабаронцаў з рэгіёнаў.

* * *

Аляксандр Тамковіч нар. 9 лістапада 1965 году ў Ашмянах Гродзенскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні. Працаваў у газетах «Во славу Родины» і «Свободные новости». У 2001 г. стварыў і ўзначаліў газету «День». Аўтар чатырох кніг. Узнагароджаны прэміяй Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, а таксама прэміяй імя Юрыя Захаранка «З узнятым забралам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?