Затрыманыя 7 ліпеня ў Брэсце ўдзельнікі акцыі, прымеркаванай да дзевятай гадавіны знікнення Дзмітрыя Завадскага (аператар расійскага канала ОРТ бясследна знік у Беларусі 7 ліпеня 2000 года), адпушчаны з міліцыі без складання пратаколаў.
Праваабаронца Раман Кісляк і актывіст міжнароднага грамадскага аб`яднання «Малады фронт» (Чэхія) Андрэй Шарэнда былі затрыманы ў 17.40 недалёка ад будынка Адміністрацыі Маскоўскага раёна, дзе ў 17.15 яны пачалі распаўсюджваць выданне, прысвечанае Міжнароднай канвенцыі аб абароне ўсіх асоб ад насільных знікненняў. Спачатку актывістаў дэмсіл даставілі ў будынак адміністрацыі, затым у Маскоўскі РАУС, дзе ўзялі тлумачэнні, канфіскавалі 59 асобнікаў друкаванага выдання і ў 20.00 адпусцілі.
«Мы маем намер абскардзіць гэтае неправамернае затрыманне, — заявіў праваабаронца, — тым больш што праведзеныя праверкі па двух аналагічных інцыдэнтах у Брэсце 11 і 16 чэрвеня ўстанавілі, што ў дзеяннях актывістаў дэмсіл няма складу адміністрацыйнага правапарушэння».
«Супрацоўнікі міліцыі перашкаджаюць нам у распаўсюджванні інфармацыі. Мы паспелі раздаць прахожым усяго 21 асобнік выдання», — зазначыў Кісляк.