Першы не-мінскі серыял знялі на барысаўскім філіяле прыватнай тэлекампаніі «Скіф». Як кажа прадусарка Наталля Голава, у новым серыяле, які атрымаў назву «Школа», з 16 запланаваных серыяў першага сезону ўжо зроблена 4 і неўзабаве адбудзецца прэм'ера.

Паводле словаў удзельнікаў мэтай праекту, акрамя таго, каб зняць варты серыял, было таксама паказаць, што ў правінцыі таксама ёсць творчы патэнцыял, у які варта інвеставаць.

«Мы не ў Галівудзе, не на НТВ, і нават не на «Беларусьфільме»,
— кажа Сяргей Кузёменскі, кіраўнік барысаўскага філіяла тэлекампаніі «Скіф». - Практычна ўся група сумяшчае асноўную працу і працу ў праекце. Хоць наш маркетынгавы план улічвае атрыманне прыбытку, праект усё ж некамерцыйны: мы пакуль што вучымся здымаць кіно».

У серыяле з запрошаных зорак — заслужаны артыст Беларусі Сяргей Журавель (ён здымаецца ў ролі начальніка міліцыі). Песню на застаўку напісаў гомельскі бард Саша Моцарт, а музыку - барысаўскі ды-джэй MaxiMist.


Кадры з тэлесерыялу "Школа"

Сюжэт «Школы»: разбэшчаныя карупцыяй мэр і свавольны начальнік гарадской міліцыі хочуць адабраць дом дзіцячай творчасці, каб пабудаваць там турму. Ім проціястаяць старшакласнікі на чале з дачкой мэра. Побач з асноўным сюжэтам, перакрыжоўваючыся, лятуць рамантычныя лініі: героі ўлюбляюцца, сыходзяцца, разыходзяцца… Дзея шматсерыйнай меладрамы адбываецца ў вымысленым постсавецкім горадку Запольску, што мае свой уклад, стыль жыцця і няпісаныя законы. «Мы хацелі зрабіць прыдуманы, даволі нейтральны горад, для міліцыянераў пашылі адметную форму, — кажа Наталля Голава, - але некаторыя факты беларускай рэчаіснасці ў серыяле ўсё ж праглядаюцца: барысаўскія краявіды і акторы, што размаўляюць з беларускім акцэнтам».

Прэзентацыя серыялу адбудзецца 12 ліпеня а 7 вечара ў барысаўскім клубе Ultimo (гарадскі Палац культуры). А пакажуць першыя чатыры серыі 13-16 ліпеня ў Оршы, Барысаве, Віцебску, Полацку і Бабруйску на тэлеканале «Скіф», а таксама ў Мінску, па 8-ым канале. Пачатак — 21-00. Больш падрабязней пра серыял можна даведацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?