Адной з яскравых асаблівасцяў цэнтралізаванага тэставання гэтага году, было тое, што ў ім удзельнічалі выпускнікі адразу двух патокаў: 11 і 11’.

І таму з праграмы ўступных іспытаў былі выключаны тэмы, якія школьнікі былых 11’ класаў не праходзілі. Мікалай Фяськоў, дырэктар Установы адукацыі «Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў», упэўнівае, што ўмовы тэставання для абодвух патокаў былі аднолькавыя.

«Калі браць статыстыку сярэдніх балаў у тых, хто скончыў 11 і 11’ класы, вялікай розніцы мы не заўважылі. Як заўсёды істотная розніца бачная ў выніках тых, хто вучыўся ў гімназіях і ліцэях, у параўнанні з тымі, хто скончыў школы ў мінулым годзе ці раней».

Яшчэ адна асаблівасць — гэта эксперымент на базе Гродзенскага ўніверсітэта і БДУІР , які дазволіць у будучым праводзіць рэгістрацыю на ЦТ па прынцыпе аднаго вакна.
Гэта важна не толькі, каб палегчыць працэс рэгістрацыі удзельнікаў, але і каб пазбегнуць парушэнняў правілаў і рэгістрацыі «двайнікоў».

У гэтым годзе з болей чым 175 тыс. зарэгістраваных на беларускую і рускую мовы, 68 чалавек было зарэгістравана і на тую і на другую, што з’яўляецца парушэннем правілаў. Аднак нікога не выгналі з іспыту. Для іх дзейнічаў прынцып толькі першай адзнакі. Вынікі другога іспыту (рускай мовы) гэтым людзям не аддалі.

Такім жа чынам паступілі і з тымі 25 абітурыентамі, хто насуперак правілам, зарэгістраваўся на 4 іспыты. Гэтым абітурыентам выдалі толькі вынікі першых трох. Нават, калі вынік апошняга быў самым бліскучым.

Ёсць спадзяванні, што прынцып аднаго вакна выключыць такія прыклады парушэнняў правілаў непасрэдна ў момант рэгістрацыі. І гэта зэканоміць нервы як абітурыентам, так і супрацоўнікам інстытуту кантролю ведаў.

Стобальных вынікаў у гэтым годзе атрымалі 206 чалавек, з іх 122 па беларускай мове. Няма ніводнага прыкладу, каб адзін чалавек атрымаў стобальныя вынікі па двух ці болей прадметах.

Адзінае супадзенне гэтага году — 4 выпускнікі ліцэю БДУ здалі хімію на 100. Аднак гэтыя вынікі, як кажа Мікалай Фяськоў, моцна не здзіўляюць, бо ліцэй даўно вядомы сваёй грунтоўнай падрыхтоўкай у галінах фізікі і хіміі.

Тэсты на беларускай мове выбралі прыблізна 4-6 % абітурыентаў зарэгістраваных па ўсіх прадметах, акрамя двух тэстаў па гісторыям. Па сусветнай гісторыі на беларускай мове здавалі іспыт 10 % зарэгістраваных на гэты прадмет, а па гісторыя Беларусі — 62 %.

«Мы прадаставілі магчымасць сдаваць тэсты на беларускай мове ўсім, хто захацеў. Нават, калі чалавек быў адзіны, мы перакладалі дзеля яго неабходную колькасць варыянтаў тэстаў » (бо загадзя невядома, які варыянт гэтаму чалавеку патрапіць — НН).

Разважаючы пра сярэднія балы па цэнтралізаванаму тэставанню гэтага году Мікалай Фяськоў кажа:

«Вынікі амаль такія ж, як і ў мінулым годзе, хаця параўноўваць і не вельмі карэктна. Я мяркую, але магу і памыляцца, што суадносна прахадныя балы на тых жа факультэтах, што і ў мінулы год будуць прыблізна такія ж».

Аднак пры выбары спецыяльнасці і факультэта Мікалай Сцяпанавіч не раіць арыентавацца выключна на лічбы прахадных балаў мінулага году. Нельга забываца на тое, што абітурыенты ўвесь час баяцца ісці на факультэты і спецыяльнасці, дзе конкурс быў вялікі, і падаюць дакументы ў іншыя месцы. Таму ёсць рызыка, што там, дзе летась прахадны бал і конкурс былі маленькімі, у гэтым годзе можа быць зусім наадварот. Ён раіць проста сачыць за сітуацыяй і не забывацца, што дакладныя вынікі стануць зразумелымі толькі ў апошнія дні падачы дакументаў у ВНУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?