(паводле Андрэя Гнёта)


Андрэй Гнёт

Андрэй Гнёт. Рэжысёр рэкламы і музычнага відэа, аўтар большасці буйных рэкламных працаў апошніх гадоў. Нарадзіўся і рос у Мінску. Скончыў журфак БДУ, паралельна працуючы ў СМІ, за што яго спрабавалі адлічваць амаль штосеместр. У 2005, разабраўшыся ў сваіх памкненнях і магчымасцях, стварыў разам з партнёрамі кінакампанію «Партызан прадакшн».

1. Першае меркаванне — наймацнейшае і амаль заўсёды слушнае. Менавіта з першага позірку ты імгненна і несвядома ацэнваеш чалавека, учынак, сцэнар або кадр. І толькі пасля ўмешваецца твой падступны мозг, які намагаецца даць інтэрпрэтацыю ў залежнасці ад твайго настрою, жыццёвага досведу і эмацыйнага перадсуду. Заблытаўся? Спыніся і прыгадай сваю першую думку і ацэнку.

2. Будзь шчырым. Нічога так не выкрывае фальшывасць, як экран: карцінка і гук. Зразумела, калі знойдзецца той глядач, які ўмее правільна «чытаць», а ён абавязкова знойдзецца!

3. Прыгадай, што ведаеш ці бачыў — і зрабі іначай. Нават калі табе згадаўся чыйсьці фільм, крэатыўная фішка або ідэя — не варта іх паўтараць. Рэмікс рэдка калі лепшы за арыгінал.

4. Давярай унутранаму голасу. Няхай ты дзесяць разоў памыліўся і дзесяць разоў не меў рацыі — галоўнае, што ты зрабіў гэта сам.


на здымках рэкламы аднаго з мабільных
аператараў. Фота - Максім Маліноўскі

5. Якім бы добрым не было тое, што ты стварыў, абавязкова знойдуцца тыя, каму гэта катастрафічна не спадабаецца. Калі слепа слухацца крытыкаў — будзеш кружляць па зачараваным коле: зрабіўшы смешнае сумным, пачуеш: «Гэта змрочна», зрабіўшы сумнае вясёлым, панясецца: «Гэта занадта смешна». У такіх выпадках лепей паўтараць правіла 4.

6. Прымай крытыку слушна і мужна. Не заўсёды варта пытацца: «А суддзі хто?»

7. Ніколі не абагаўляй таго, што стварыў. Бо заўжды можна зрабіць лепш.

8. Любі тое, што робіш. Якім бяздарным не падаваўся б праект, знайдзі ў ім тое, што ты палюбіш. Адно любячы, можна дабіцца поспеху.

9. Падчас здымак кліпа ніхто не павінны пацярпець. Тым больш жывёлы, яны — святыя.

10. Слова «немагчыма» не існуе. Заўсёды можна здзейсніць задуманае. Перамовы, грошы, час, кампрамісы і яшчэ сотня інструментаў, якімі можна і варта карыстацца. Проста дзеля гэтага трэба адарваць свой азадак. А гэта — найскладаней.

Глядзі яшчэ:
10 запаветаў пісьменніка (паводле Уладзіміра Арлова)
10 запаветаў тэлевядоўцы (паводле Вольгі Данішэвіч)
11 запаветаў сучаснага мастака (паводле Адама Глобуса)
10 запаветаў блогера (паводле Марыі Мартысевіч)
10 запаветаў прафесійнага журналіста (паводле Віктара Марціновіча)
10 запаветаў прафесійнага кінасцэнарыста (паводле Андрэя Курэйчыка)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?