Яшчэ не так даўно фактычна штогод у Еўропе стартаваў новы радыё- або тэлепраект для Беларусі. Сёння ў наяўнасці адваротная тэндэнцыя: час у эфіры скарачаецца, фінансаванне праекта ўразаецца альбо яго і зусім закрываюць. З-за крызісу, з прычыны нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Бруселем або з-за неэфектыўнасці праектаў? Фактычна з усіх прычын адначасова.

Вяшчанне на Беларусь на мове тытульнай нацыі мае доўгую гісторыю. У 1950 годзе «Радыё Ватыкан» пачало рыхтаваць перадачы па‑беларуску. У 1954 годзе па‑беларуску загаварыла амерыканскае «Радыё Свабода», у 1958—1965 гадах беларуская мова гучала ў эфіры «Радыё Мадрыд».

Актыўна развіваліся такія праекты і ў апошняе дзесяцігоддзе. У кожнага з іх свой фармат, свае спонсары, свая аўдыторыя. У 2000 годзе ў эфір з Вільнюса выйшла «Балтыйская хваля», у 2004 годзе ў Стакгольме пачала працу беларуская служба Шведскага радыё, у кастрычніку 2005 года радыёстанцыя «Нямецкая хваля» з Бона стала выпускаць перадачу «Беларуская хроніка». У 2006 годзе з Беластока пачало вяшчаць «Радыё Рацыя», з Варшавы — «Еўрапейскае радыё для Беларусі», сталі выходзіць ў эфір тэлеперадачы «Акно ў Еўропу» на тэлеканале RTVi. У канцы 2007 года з’явіўся спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», які транслюецца з Варшавы.

Але ўжо з 2008 года назіраецца адваротная тэндэнцыя. З‑за недастатковага фінансавання «Нямецкая хваля» была вымушана пайсці на скарачэнне эфірнага часу перадачы для беларусаў на рускай і беларускай мовах. Вясной 2009 года перадача перастала існаваць, але навіны аб Беларусі на рускай і беларускай мовах выходзяць на частаце рускай службы.

Узніклі праблемы ў «Радыё Рацыя». У прыватнасці, шэраг беларускіх журналістаў звольніліся, палічыўшы, што з‑за палітыкі кіраўніцтва праца радыё недастаткова прафесійная і занадта лакальная, арыентаваная ў асноўным на беларускую дыяспару ў рэгіёне Беластока.

З 6 ліпеня тэлеканал «Белсат» скараціў вяшчанне да чатырох гадзін у суткі, каб зэканоміць сродкі ў перыяд адпачынкаў. Пакуль паабяцана, што гэтае скарачэнне часовае, толькі на ліпень і жнівень, і 6 верасня «Белсат» вернецца да ранейшага аб’ёму вяшчання.

Між тым было некалькі скандалаў і вакол гэтага тэлеканала. Калі ў сакавіку 2009 года была звольнена дырэктар «Белсата», пайшлі размовы, што тэлеканал і зусім закрыюць. Маўляў, Польшча не хоча сварыцца з беларускімі ўладамі. Аднак праз тыдзень дырэктара аднавілі на пасадзе па просьбе кіраўніка МЗС Польшчы (гэта міністэрства — галоўны донар тэлепраекта).

А вось беларуская праграма Шведскага радыё з 1 верасня будзе закрыта. БелаПАН нават трохі заблытаўся ў версіях прычын, з‑за якіх кіраўніцтва грамадскага радыё прыняло такое рашэнне.

Першапачаткова гаварылася аб аптымізацыі працы. Маўляў, паколькі беларусы разумеюць рускую мову і змогуць атрымліваць інфармацыю аб Швецыі ад рускамоўнай службы, перадачу на беларускай мове можна закрыць.

Пасля лістоў пратэсту, падпісаных вядомымі дзеячамі культуры Швецыі, пазіцыя кіраўніцтва Шведскага радыё, абвінавачанага траха не ў «дапамозе беларускаму рэжыму», змянілася. Падкрэслівалася, што палітычных прычын няма, проста беларускамоўная перадача не выканала пастаўленых задач, у прыватнасці не сабрала дастаткова слухачоў. Затым з’явілася прызнанне, што падлічыць радыёслухачоў немагчыма, а праблемы ў Шведскага радыё толькі фінансавыя: яно вымушана эканоміць сродкі.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі шведскай радыёстанцыі з самага пачатку аспрэчвалі версію аб тым, што закрыццё беларускай перадачы звязана з наладжваннем адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам: нібыта яна больш не патрэбна, паколькі краіна стала на шлях дэмакратычных рэформаў…

Аднак з той альбо іншай прычыны, але вяшчанне на беларускай мове Шведскае радыё спыняе.

Атрымліваецца, што ў той час, як Брусель у рамках кансультацый пераконвае беларускія ўлады ў неабходнасці зарэгістраваць «Белсат», «Радыё Рацыя», «Еўрапейскае радыё для Беларусі», беларускія медыяпраекты могуць быць закрыты тымі, хто іх і стварыў.

Аналітык Паўлюк Быкоўскі бачыць у аснове згаданай тэндэнцыі менавіта праблемы з фінансаваннем кожнай асобнай рэдакцыі. Падчас крызісу спрабуюць эканоміць не толькі за кошт вяшчання на Беларусь, адзначыў Быкоўскі. З‑за недахопу фінансаў Бі‑бі‑сі было вымушана закрыць амаль усе свае часопісы. Рэдакцыі імкнуцца эканоміць грошы, не звальняючы супрацоўнікаў, гаворыць аналітык.

Акрамя таго, мяняецца ўяўленне аб электронных СМІ: радыё сёння слухаюць усё менш, усё большае значэнне набывае інтэрнет, нагадвае Быкоўскі.

Эксперт у галіне СМІ Алесь Анціпенка лічыць: на развіццё праектаў уплываюць іх эфектыўнасць і фінансавыя магчымасці, прычым эфектыўнасць цесным чынам звязана з фінансамі. Ён нагадвае: сусветны эканамічны крызіс прымушае ўрады розных краін пераглядаць праграмы, якія фінансуюцца з дзяржбюджэту. Адпаведна, неэфектыўныя закрываюцца.

На думку Анціпенкі, працэс наладжвання адносін паміж Мінскам і Бруселем — не тая нагода, якую можна выкарыстаць для закрыцця медыяпраектаў для Беларусі. Калі гаварыць аб унутранай сітуацыі, становішчы з захаваннем свабоды СМІ, то ёсць толькі невялікія паляпшэнні, але прагрэс — мізэрны, лічыць аналітык.

Анціпенка выказвае шкадаванне, што Шведскае радыё спыняе працу беларускай службы, але адзначае, што гэта рашэнне радыкальным чынам сітуацыю ў беларускай інфармацыйнай прасторы не зменіць.

Агульныя ж тэндэнцыі простыя, гаворыць аналітык. Чым больш цяжкасцей у грамадскім, палітычным і сацыяльным жыцці ў Беларусі, тым вышэй патрэба ва ўсебаковай інфармацыі.

На думку Алеся Анціпенкі, у найбліжэйшай перспектыве ёсць выразная неабходнасць у медыяпраектах, якія будуць спрыяць больш эфектыўнай камунікацыі з пэўнымі пластамі і субкультурамі, напрыклад з моладдзю.

Марына Рахлей, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0