І паабяцаў, што справы прасіцелек і іх блізкіх будуць перагледжаны.

На сустрэчы з прадстаўнікамі групы жанчын 9 ліпеня ў Мінску генеральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што справы прасіцелек і іх блізкіх будуць перагледжаны. Аб гэтым паведаміла БелаПАН праваабаронца Галіна Юбко.

Паводле яе слоў, да генпракурора на асабісты прыём, які праводзіцца раз у месяц, з’явіліся 22 прадстаўнікі групы жанчын, пацярпелых ад асабліва цяжкіх злачынстваў, не згодных з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх блізкіх. Праваабаронца перадала Васілевічу калектыўны зварот з просьбай аб сустрэчы ад усіх 22 прасіцелек, якія прыбылі ў сталіцу з розных рэгіёнаў краіны.

Генеральны пракурор выйшаў да жанчын, добразычліва іх выслухаў і заявіў, што справы, па якіх яны хадайнічаюць, будуць перагледжаны, сказала Юбко. Паводле яе слоў, за чатыры гады хаджэння ў Генпракуратуру яна ўпершыню сустрэла разуменне з боку кіраўніцтва галоўнага нагляднага органа краіны.

Разам з тым, як адзначыла праваабаронца, 7 ліпеня падчас асабістага прыёму грамадзян старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адмовіўся абмяркоўваць з прадстаўнікамі групы жанчын іх праблемы. Паводле слоў Юбко, неабходнасць сустрэчы была абумоўленая тым, што на свае індывідуальныя скаргі ў парадку нагляду жанчыны гадамі атрымліваюць з Вярхоўнага суда нічога не значныя адпіскі. «Такія адказы парушаюць нашы правы, прадастаўленыя артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах», — сказала праваабаронца.

У гэтай сітуацыі, паводле яе слоў, жанчыны вырашылі 10 ліпеня накіраваць калектыўны зварот прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку і дзяржсакратару Савета бяспекі Юрыю Жадобіну. У звароце выказваецца надзея на аднаўленне парушаных правоў грамадзян, прадастаўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Марат Гаравы, БелаПАН

Глядзі яшчэ:
Жанчыны напісалі Пан Гі Муну

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0