Яе ўсе, колькі я помню, звалі Галяй, Галінкай. Але

аднаго разу мне трапіў на вока яе пашпарт. Рзгортваю яго і бачу — о Божа праведны! — наша Галінка ніякая не Галінка, а Сталіна, Сталінка.
Гэта мяне дужа зацікавіла. Пры нагодзе я сустрэўся з ёй. І от што пачуў:

«Мой тата быў заўзяты партыец, — згадвала Сталінка-Галінка. — Апошнім часам, да вайны, працаваў у Чэрыкаўскім райкаме партыі інструктарам. Усіх чатырох дачушак называў у гонар знаных дзеячоў, іхніх дзяцей. Першую — Розай, у гонар нямецкай рэвалюцыянеркі Розы Люксембург. Затым была Клара — у гонар Клары Цэткін. Трэцюю назваў Святлана. Гэткае імя мела Сталінава дачка. Мяне ён назваў Сталінаю.

Я нарадзлася ў 1940 годзе. То як мне жылося з такім гучным імем? А ўсяляк было... Пакуль была малая і было ціха, дык і нічога. Ганарылася: імя Сталіна нашу. А як пачалася вайна і падрасла трохі, затрывожылася: за такое імя мяне немцы могуць першай парашыць. Але, хвала Богу, нашу сям’ю як сям’ю райкомаўскую, эвакуявалі ў глыбокі тыл. Вайну мы перажылі на Саратаўшчыне.

Пасля вайны трохі супакоілася. А тут смерць Сталіна. Усе галасілі па ім. Самоцілася, галасіла і я. А чаго? А неўзабаве пачалі культ Сталіна развенчваць: «Сталін такі, Сталін гэткі», і я пачала саромецца свайго імя, таіцца. Калі знаёмілася з кім, называла сябе Галінай. Балазе, імя Сталіна меладыйнае з імем Галіна, трохі сугучнае з ім.

— А ці не было ў вас жадання афіцыйна, юрыдычна змяніць сваё імя, — неяк я пацікавіўся ў сваёй субяседніцы.

— А навошта?!

Гэтае імя — адзінае, што засталося ў мяне як памяць пра тату, які загінуў у першыя гады вайны.
Мама казала, што хто называў сваіх дзяцей у гонар правадыра, мелі ад яго прэміі. Але ён быў не самы першы. Гэтае імя ўжо было дадзена іншай дзяўчынцы. Так што імя такое было не адзінае.

Кажуць, абранае аднойчы імя вызначае лёс і долю ягонага носьбіта. І гэта, у нейкай ступені, мусіць, такі праўда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?