Зянон Пазняк лічыць, што на выбарах 1994 году пераможцам павінен быў стаць Беларускі народны фронт. Ён лічыць, што для гэтага была створаная палітычная база. «У канцы 1992 году, пасля незаконнай адмены рэферэндуму аб новых палітычных выбарах, апазіцыя БНФ у Вярхоўным савеце паставіла задачу дабіцца адстаўкі Кебіча», — тлумачыць палітык.

Па яго словах, была праведзеная досыць удалая праца, накіраваная супраць Вячаслава Кебіча. «Аднак гэтая праца была ўмела скарыстаная КДБ і Масквой, якія выставілі свайго кандыдата‑тэрмінатара Лукашэнку, а пасля з дапамогай вялікіх фінансавых, агентурных і прапагандысцкіх рэсурсаў прывялі яго да ўлады», — дадае Зянон Пазняк.

Ён лічыць, што грамадства лёгка паддавалася на папулісцкія лозунгі, бо заставалася савецкім ва ўмовах крызісу. «Самае важнае, што ў той час грамадства не мела прыватнай уласнасці, а гэта значыць, што яно не мела жыццёва неабходнай свабоды і неабходнасці яе абараняць», — упэўнены апазіцыянер.

Палітычны эмігрант лічыць, што на той момант у Аляксандра Лукашэнкі не было нават вызначанай праграмы, апроч папулісцкай крытыкі.

«У другі круг галасавання рэальна выйшлі Пазняк і Лукашэнка, аднак з боку ўладаў быў прыменены адміністрацыйны рэсурс, у выніку якога у другі тур выйшлі Кебіч і Лукашэнка».

Па словах Зянона Пазняка, апошняя магчымасць выправіць становішча і не дапусціць «антыбеларускія» сілы да ўлады была пасля першага кругу, калі Вячаславу Кебічу было прапанавана зняць сваю кандыдатуру. «Па закону пасля гэтага павінны былі прайсці выбары з новымі кандыдатамі, але Кебіч не рашыўся пайсці на такі крок», — канстатаваў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?