У Беларусі будзе пашырана сетка пунктаў прыёму шклатары ад насельніцтва. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 896 ад 6 ліпеня 2009 года.

Як паведаміла прэс‑служба, згодна з дакументам аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць развіццё сеткі прыёмных пунктаў зваротнай шкляной тары ад насельніцтва. Пры гэтым прадугледжваецца іх абавязковая работа ў гандлёвых аб’ектах, якія рэалізуюць харчовыя тавары з гандлёвай плошчай больш чым 1.000 кв. м, з абсталяваннем асобнага ўваходу. Работа прыёмных пунктаў павінна быць арганізаваная ў зручны для насельніцтва час, каб забяспечыць бесперашкодны прыём усіх відаў запатрабаванай перапрацоўчымі арганізацыямі краіны зваротнай шкляной тары.

Пастановай №896 таксама ўстаноўленыя аб’ёмы збору (нарыхтоўкі) адходаў шкла для патрэб арганізацый шкляной прамысловасці Беларусі на 2009 год. Так, у Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцях неабходна сабраць і нарыхтаваць па 7,5 тыс. т адходаў шкла, у Гродзенскай і Магілёўскай — па 7 тыс. т, у Мінскай вобласці — 5,5 тыс. т, у Мінску — 13 тыс. т. У цэлым у краіне сёлета плануецца накіраваць для патрэб шкляной прамысловасці (з улікам прамых паставак юрасобамі) 55 тыс. т адходаў шкла.

Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва даручана размяркоўваць аб’ёмы адходаў шкла паміж спажыўцамі — прадпрыемствамі шкляной прамысловасці Беларусі. Ім будуць дадзеныя адпаведныя памесячныя заданні па набыцці адходаў шкла ў арганізацый, якія забяспечваюць збор і нарыхтоўку. У сваю чаргу, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам вызначаць пералік такіх арганізацый і заданні па зборы адходаў шкла.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0