posterЗацягні мяне ў пекла (Drag Me to Hell)
ЗША, 2009, каляровы, 99 хв.
Рэжысёр: Сэм Рэймі
Ролі выконваюць: Элісан Ломан, Джастын Лонг, Лорна Рэвэр, Дыліп Рао, Дэйвід Пэймэр
Жанр: фільм жахаў
Адзнака: 6,5 (з 10)

Сціплая банкаўская супрацоўніца (Элісан Ломан), зацікаўленая ў хуткай карэ’еры, не пашкадавала старую, якую выстаўлялі з уласнага дому. Старая ведзьма пракляла гераіню – і цяпер на працягу трох дзён злыя сілы зацягнуць няшчасную ў пекла…

Карціна, што з’явілася на менскіх экранах – падарунак для аматараў хорару й вяртанне ў залатыя васьмідзесятыя, калі жахі былі наіўнымі і нахабнымі, віскат суседнічаў з рогатам, а гледачы яшчэ не наеліся «Хостэлаў».

Цэнтральнай фігурай гэтых васьмідзесятых быў Сэм Рэймі – кінахуліган са «Злобнымі мерцвякамі». У ягонай трылогіі героі дубасілі нячысцікаў кулакамі, стралялі з вінтоўкі і гатовыя былі адрэзаць уласныя рукі, калі тыя іх згаршалі. Галівудскія студыі запрасілі Рэймі ажывіць павучыныя коміксы. Рэжысёр спраўна рабіў супэрмэнскія бомба‑фільмы. І хаця, час ад часу творца здымаўся на эпізодах у сяброў‑хорармэйкераў, выглядала, што ён цалкам упісаўся ў галівудскі істэблішмэнт.

Сёлета Рэймі вярнуўся. У нізкабюджэтнай, ад душы зробленай стужцы, ёсць усё, што праславіла рэжысёра. Ёсць саспенс, цені, страхатлівыя пысы, якія нечакана з’яўляюцца. Ёсць у празмернасці тое, што Стывен Кінг з падлеткавай радасцю назваў «фу‑эфектам»: старэчае вока залятае ў вісклівы дзявочы рот (фірмовы трук Сэма Рэймі), кроў фантанам залівае спінжак, зялёныя ваніты перадаюцца гвалтоўным пацалункам. Ёсць драпежныя насоўкі, кусачыя белыя казлы і раскапаныя магілы. Ёсць шальны драйв – і трэшава‑бадзёры рэжысёрскі гумар.

Карціна – ідэальная жахаўка для людзей з моцнымі нервамі.

Але гледачы, што пазлякаліся й парагаталі на кінасеансе над карцінамі пекла, пакінуўшы ўсе страхі ў залі – не падазраюць, якое змрочнае і сур’ёзнае пасланне пакінуў ім пацешлівы рэжысёр.

Па‑першае, гэта маралітэ пра свабоду волі і выбар дабра ці зла. Галоўная гераіня зрабіла цалкам свабодны выбар – кепскім учынкам. Так, бабка, якой адмовіла гераіня – гнюсная, як Баба‑Яга – з чорнымі пазногцямі і слюнявымі сківіцамі. Але, як казаў Гогаль, «палюбі нас чорненькімі». Гераіня не захацела – і атрымала ў падарунак пакуты сумлення і лютыя сцені. (А колькі ў кожнага такіх бабулек!)

Адзін дробны грэх пацягнуў за сабой іншыя – акультысты, медыумічныя сеансы, зарэзанае кацяня і развагі, каму бы падсунуць страшны праклён.

Рэймі ненавязліва падае, што адзінае, каго баяцца нячысцікі – гэта Бог. Але гэтага ва ўпор не бачыць героі (без чаго бы не было хорару) – і пра гэта не здагадваюцца гледачы. А псіхалогія, рэклама, здаровы сэнс пяюць ва ўнісон з акультыстамі: вы не вінаватыя, нічога не адбылося, падумаеш, што за дробязь.

Але самая непрыемная навіна для сучаснага чалавека: супермэнаў (і супергёрлаў), якія гераічна б’юцца са злом – але не здольныя дараваць – чакае з палкімі абдымкамі пекла.

Смейцеся, гледачы, смейцеся! Злякайцеся, злякайцеся. Толькі з каго смяяцца?

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?