Сёння 90 дзён, як у мінскім следчым ізалятары галадае на знак пратэсту Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік з Ваўкавыску, якога абвінавацілі ў падпале дома мясцовага міліцыянта.

Напярэдадні былі звесткі, што Мікалай Аўтуховіч на пачатку тыдня збіраецца спыніць галадоўку. Каб праверыць гэтыя звесткі, я пазваніў на тэлефон дзяжурнага «Валадаркі». Дзяжурны адказаў каротка: «У нас няма галадоўнікаў» — і кінуў слухаўку.

Пасля гэтага я пазваніў доктарцы ізалятара, якая 8 ліпеня казала мне пра тое, што Аўтуховіч нібыта мае намер спыніць галадоўку. Паводле яе цяперашніх зьвестак, галадоўка працягваецца:

«Пакуль ён не прымае ежы. Мне невядома, чаму дзяжурны кажа, што ў нас няма галадоўнікаў. Ён не ведае, насамрэч ёсць у нас галадоўнікі. Мне Аўтуховіч сёння казаў, што падумае, ці спыняць галадоўку. Мне ж трэба падрыхтавацца да ягонага харчавання, калі ён спыніць галадоўку. Звычайнай ежы ён жа прымаць не зможа. Пакуль ён яшчэ думае і галадае».

Даведацца, як пачуваецца ў дадзены момант Мікалай Аўтуховіч, не ўдалося — размову спынілі. Нагадаю, паводле адваката Паўла Сапелкі, які бачыўся з Аўтуховічам 10 ліпеня, той быў «вельмі слабы, казаў, што ў яго кружыцца галава, дваіцца ў вачах і кожны рух даецца яму з вялікім намаганнем».

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0