Палітыка Расіі нічым не розніцца ад таго, што рабіў у свой час Садам Хусэйн. Здаровы інклюзіўны беларускі нацыяналізм мог бы сёння паспяхова супрацьстаяць гэтай пошасці. Піша Сяргей Богдан.

Нядаўняе жахлівае забойства ў Дрэздэне выклікала абурэньне мільёнаў, аднак стала адначасна прыкладам скажэньня рэчаіснасьці. Піша Сяргей Богдан.

Нібыта ўсё і ясна — вар’ят‑ксэнафоб проста ў залі суду зарэзаў іншаземку, якая паскардзілася на яго за лаянку. Вось ужо і заходнія СМІ, і мэдыі мусульманскіх краінаў ствараюць карцінку, з аднаго боку, рэцыдыву нямецкага нацызму, а з другога, пакутніцтва за права трымацца сваёй веры. Ідуць дэманстрацыі, ад Каіру да Тэгерану стаіць лямант пра «нямецкіх фашыстаў».

Але ёсьць адна дэталь, якая зьмяняе ўсё.

Забойца — 28‑гадовы Алекс — дарма што нямецкі грамадзянін, нарадзіўся і вырас у Расеі дый прыехаў з Урала толькі ў 2003 годзе.

У Нямеччыне ўнівэрсытэтаў, мякка кажучы, не сканчаў дый нават працу меў не заўсёды. То бок сумнеўна, каб ён меў магчымасьць засвоіць ідэі мясцовых нямецкіх нацыстаў, нават з прычыны моўнага бар’еру. Затое надта верагодна, што свае нацысцкія ідэі і спэцыфічныя мэтады ён прывёз з сваёй першай радзімы.

На гэтую дэталь «забываюцца» на Захадзе, бо там ня прынята раздражняць «загадкавую расейскую душу» лішні раз, каб не застацца бяз газу, а мусульманскія краіны кіруюцца лёгікай: Расея — вораг Амерыкі, Амерыка — сябар Ізраіля, а Ізраіль — наш непрыяцель. А таму Расія — сябар арабаў. Адпаведна, пакуль Расея грозіць ЗША, няважна, што робяць зь «нярускімі» ў Расеі і няважна, якія шырокія правы маюць мусульмане на Захадзе. Нянавісьць асьляпляе.

Тым часам дрэздэнскі забойца стаў чарговым прыкладам таго, як нейкая краіна можа наўмысна ці не сеяць тэрор ва ўсім сьвеце, калі ў ёй існуюць належныя ўмовы для пашырэньня забойчых ідэяў.

Зазвычай прыкладамі такіх краін лічыліся Аўганістан, Пакістан ды Самалі.

Але Расея нічым ад іх у гэтым пляне не адрозьніваецца, там гэта наагул частка дзяржаўнай сыстэмы. Усе памятаюць пра палёній, якім трактавалі «ворага Расеі» супрацоўнікі ФСБ у Лёндане, а таксама пра выбухоўку, якую яны падкладалі ў Катары.

Сьвет рабіў выгляд, што ня чуе ксэнафобскіх выказваньняў Пуціна.
Злачынствы расейскіх сілавых органаў у дачыненьні да ўласных грамадзянаў на Каўказе застаюцца беспакаранымі, і нават выбухі дамоў у Цэнтральнай Расеі ў 1999 годзе ціха пахаваныя ў архівах.

Адкрыта ксэнафобскі ДПНІ за час свайго ўзлёту выразна прадэманстраваў фашызм расейскага грамадзтва. Рэгулярныя паведамленьні пра забойствы на глебе расавай і нацыянальнай непрыязнасьці асобаў неславянскага выгляду ў Расеі даўно сталі дзяжурнай і звыклай навіной. Ды і экспарт ідэяў расейскага фашызму пачаўся ня сёньня — пазалетась Ізраіль быў шакаваны выкрыцьцём фашыстоўскай банды з расейскіх імігрантаў, што прывезьлі свае перакананьні з Расеі, а для той жа Латвіі праблема расейскіх экстрэмістаў наагул стала ў свой час хранічнай.

Расея ператварылася ў крыніцу страху, якая цэнтралізавана і стыхійна сее яго ня толькі на мікра‑, але і макраўзроўні, шантажуючы суседнія краіны дый не цураючыся наўпростага ваеннага ўмяшаньня. Што ж яшчэ мусіць зрабіць Крэмль, каб міжнародная супольнасьць убачыла, што гэтая краіна ператварылася ў небясьпеку для сьвету, якая экспартуе тэрор меншымі (прыкладам, у душах сваіх былых ці цяперашніх грамадзянаў) ці большымі (танкавымі калёнамі) порцыямі? Такая палітыка, па‑сутнасьці, нічым не адрозьніваецца ад таго, што рабіў Садам Хусэйн у свой час. На жаль, сёньня вобраз нашага ўсходняга суседа — гэта «пуцінскія сокалы» ў грузінскім небе і дрэздэнскі вылюдак з акрываўленым нажом у руцэ.

Для Беларусі сытуацыя ў Расеі — жыцьцёва важнае пытаньне нацыянальнай бясьпекі. З цэлага шэрагу прычынаў мы больш за іншых суседзяў Расеі ўразьлівыя перад ёй. Тым больш важна ўсьвядоміць пагрозу ідэяў расейскага расызму і фашызму, якія няспыннай плыньню ідуць да нас праз адчыненую мяжу і дасягальнасьць расейскіх публікацыяў ды СМІ маргіналізаваным пластам беларускага насельніцтва. Але ня толькі ім — беларускае кіраўніцтва таксама бярэ за ўзор расейскую палітыку ды тамтэйшыя мэтады.

Здаровы інклюзіўны беларускі нацыяналізм мог бы сёньня пасьпяхова супрацьстаяць гэтай пошасьці,
але ён, некалі ўвасоблены ў Згуртаваньні беларускіх вайскоўцаў, нерэгістраваных «краёўцах» ды «белалегіёнаўцах», быў зьнішчаны спэцслужбамі, якія ўзамен пачалі раскручваць маргінальныя групоўкі, што пад беларускай маркай паўтараюць лёзунгі расейскага разьліву ды паціху навязваюць сымбалі і ідэалёгію пануючага рэжыму. Вось мы і бачым лёзунгі «змаганьня зь нелегальнай іміграцыяй» па‑расейску пад нацыянальнымі і афіцыйнымі сымбалямі, дзе зьмяшалася чырвона‑зялёнае і бел‑чырвона‑белае… Калі падаўляецца небясьпечны для рэжыма мэйнстрым, актывізуюцца шумныя ды бяскрыўдныя для ўлады (але не для грамадзтва) экстрэмісты.

Сяргей Богдан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0