Падстаў для зрыву ўборачнай кампаніі няма, заяўляюць ва ўрадзе. Гатоўнасць гаспадарак да ўборкі ўраджаю абмяркоўвалася на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 14 ліпеня.

Як адзначыў прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі, Беларусь упершыню пачынае ўборачную кампанію з запасам у 1 млн. тон леташняга збожжа.

«Мы ўпершыню маем такі вынік. Трэба разумна распарадзіцца рэшткамі і разумна, у сціснутыя тэрміны, правесці ўборачную кампанію», — заявіў ён.

Паводле слоў прэм’ера, рэгіёнам выдзелена дастаткова грашовых сродкаў, «каб актыўна правесці ўборачную работу». «На жаль, я не бачу такой актыўнай працы з боку абласцей», — сказаў Сідорскі.

Кіраўнік урада, у прыватнасці, раскрытыкаваў працу па ўводзе ў эксплуатацыю новых зернесушыльных комплексаў у рэгіёнах. Ён нагадаў, што сёлета планавалася пабудаваць каля 90 новых зернесушыльных комплексаў, аднак не ўсюды гэтая работа выконваецца. Сідорскі запатрабаваў да 1 жніўня выканаць усе запланаваныя мерапрыемствы. «Ніякіх падстаў для зрываў (плана па ўводзе зернесушыльных комплексаў, — БелаПАН.) няма і не было», — падкрэсліў ён.

Прэм’ер таксама запатрабаваў у раней агавораныя тэрміны забяспечыць гаспадаркі тэхнікай. «Камбайны павінны быць пастаўлены ў раней узгодненыя тэрміны. Сістэмна пытанне павінна быць вырашана на працягу ліпеня», — заявіў Сідорскі.

Ён падкрэсліў, што неабходна актывізаваць работу па рамонце камбайнаў, не гатовых да ўборачнай. Для гэтага, паводле слоў прэм’ера, гаспадаркі павінны выкупіць адрамантаваныя рухавікі, каробкі перамены перадач і іншыя камплектуючыя ў заводаў і сэрвісных цэнтраў.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, для правядзення ўборачнай кампаніі было выдзелена дастаткова рэсурсаў, і ніякіх дадатковых фінансаў урад даваць не збіраецца.

«Перакрэдытоўваць нікога не будзем», — папярэдзіў Сідорскі. Вяртанне ўсіх узятых крэдытаў гаспадаркі павінны забяспечыць у поўным аб’ёме, падкрэсліў ён.

Што да забеспячэння гаспадарак паліўнымі рэсурсамі, то, паводле слоў прэм’ер‑міністра, на гэтыя мэты плануецца выдзеліць каля 500 млрд. рублёў. Паліва ў гаспадарках дастаткова, каб паспяхова правесці ўборачную кампанію, лічыць Сідорскі.

«Мы паставілі амбітную задачу, і ніякіх падстаў для яе зрыву няма.
Сёлета мы павінны поўнасцю забяспечыць сябе крупамі і поўнасцю адысці ад іх імпарту», — сказаў кіраўнік урада.

Як раней заяўляў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Седзін, сёлета ў Беларусі плануецца сабраць не менш чым 9,4 млн. тон збожжа. У 2008 годзе было сабрана 9 млн. тон.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0