Сёньня 90 дзён, як пачаў галадоўку пратэсту прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.

Як пачуваецца вязень і што новага ў ягонай справе?

Учора ў лякарні менскага сьледчага ізалятара казалі, што Аўтуховіч думае, ці ня скончыць сёньня галадоўку, якая ўжо дайшла да рэкорднага тэрміну — 90 дзён. Сёньня доктарка сказала, што галадоўка ня спыненая.

Карэспандэнт: «А як ён пачуваецца?»

Лекарка: «Здавальняюча. Ходзіць сам, перасоўваецца. Пакуль нармальна, а больш нічога сказаць не магу».

Карэспандэнт: «А што ён сам кажа, калі зьбіраецца спыняць галадоўку?»

Лекарка: «Калі б ён нам казаў! Самі ў яго спытайце. Мне адказвае, што «не, а калі будзе час, то скажу». Пакуль размовы на гэтую тэму няма, я толькі што ад яго».

***

Паводле адваката Паўла Сапелкі, які бачыўся зь вязьнем 10 ліпеня, Аўтуховіч схуднеў болей як на 35 кіляграмаў, у яго «кружыцца галава, дваіцца ў вачах». Каб падтрымаць Аўтуховіча, лекары ставяць яму кропельніцы.

Стала вядома, што ў Ваўкавыск зь Менску вярнулася Людміла Парэмская, дырэктарка фірмы «Ніка‑таксі 22222», у якой да арышту працаваў Мікалай Аўтуховіч. Людмілу Парэмскую затрымалі і адвезьлі ў Менск 8 ліпеня. У фірме «Ніка‑таксі 22222» пацьвердзілі, што Парэмская сёньня выходзіла на працу, але адмовіліся зь ёй злучыць, калі я назваўся карэспандэнтам «Свабоды». Мабільны тэлефон спадарыні Парэмскай маўчыць.

Паводле некаторых зьвестак, яна нібыта зьехала ў камандзіроўку.

Разам зь Мікалаем Аўтуховічам 8 лютага былі арыштаваныя паводле абвінавачаньня ў падпале дому міліцыянта былы намесьнік Аўтуховіча па кіраўніцтве фірмай «Ніка‑транс» Юрый Лявонаў і былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка, які публічна падтрымаў прадпрымальніка ў ягоным канфлікце зь мясцовай падатковай службай. Дачка Асіпенкі Людміла ўчора мела з татам спатканьне. Дзяўчына кажа, што пасьля спатканьня была настолькі разгубленая, што адключыла мабільны тэлефон і толькі сёньня выйшла на сувязь. Вось што распавяла Людміла Асіпенка пра справу Аўтуховіча:

«У яго абвінавачаньне засталося як раней — у падпале, але вось пра Аўтуховіча яму вядома, што падазраюць і ў тэрарызьме. І тата кажа, што ён ня зьдзівіцца, калі ўзьнікне такое абвінавачаньне і для іх. Бо ў справе было, што ў гэтым падазраюць Аўтуховіча ды «іншых асоб».

Таму ён пэсымістычна настроены, кажа, што гэта справа «на замову«, а таму сьледчыя зробяць усё, што ад іх патрабуюць».

Людміла Асіпенка паведаміла, што ў яе бацькі рэзка падае зрок і баляць зубы ад хляраванай вады, якую ўжываюць на «Валадарцы». «Калі зьвяртацца там да стаматоляга, то лячэньне адно — рвуць зуб», — перадае словы бацькі Людміла. Паводле яе,

Уладзімер Асіпенка не выключае, што трымаць іх у ізалятары будуць яшчэ некалькі месяцаў.
«Ён ведае пра галадоўку Мікалая Аўтуховіча, захапляецца ягонай мужнасьцю, але заклікае спыніць акцыю, каб уратаваць здароўе».
Мікалай Аўтуховіч патрабуе альбо перадаць ягоную справу ў суд, альбо вызваліць яго і ягоных сяброў пад падпіску пра нявыезд. У міліцыі не камэнтуюць зьвестак пра тое, што прадпрымальніка таксама падазраюць у падрыхтоўцы да тэракту.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0