Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) распаўсюдзіла заяву, у якой выступае з асуджэннем вынесенага прысуду фігуранту «справы 14‑ці» Арцёму Дубскаму.

«FIDH надзвычай заклапочаная нядаўнім асуджэннем актывіста «Маладога Фронта» Арцёма Дубскага да аднаго года турэмнага зняволення.

7 ліпеня 2009 года раённы суд Асіповічаў прызнаў сп. Дубскага вінаватым у парушэнні умоваў адбыцця пакарання паводле артыкула 415 Крымінальнага Кодэкса.

10 студзеня 2008 года сп. Дубскі прымаў удзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску. Ён быў арыштаваны і абвінавачаны па артыкуле 342 Крымінальнага Кодэкса («арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак») разам з іншымі ўдзельнікамі, справа якіх стала сумна вядомай пад назвай «справа чатырнаццаці». Адзінаццаць з іх, уключаючы сп. Дубскага, былі асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы.

Сп. Дубскі з’ехаў ва Украіну і 13 лютага 2009 года быў арыштаваны ў цягніку ў Гомелі падчас вяртання ў Беларусь з Украіны. Ён быў абвінавачаны ў парушэнні рэжыму вынесенага пакарання.

Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) асуджае крымінальны пераслед за карыстанне правам на мірныя сходы і заклікае беларускія ўлады выконваць Рэзалюцыю Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і «неадкладна і безумоўна зняць абмежаванні, накладзеныя на 11 чалавек, асуджаных да тэрмінаў абмежавання волі за ўдзел у мірнай дэманстрацыі ў студзені 2008» (Рэзалюцыя 1671 (2009) Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

FIDH таксама паўтарае свае заклікі да беларускіх уладаў неадкладна пакласці канец усім формам пераследу актывістаў моладзевых арганізацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?