17—18 ліпеня ў Гарадку (Польшча») — 20‑ы фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча‑2009».

Бяруць удзел: «Мроя», ULIS, «Палац», «Бонда», N.R.M., «Крама», IQ48, «Дзецідзяцей»… Весці фэст будзе Віктар Шалкевіч.

Паводле арганізараў фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча»,

cёлетнія канцэрты маюць ператварыцца ў «машыну часу»: на сцэне будуць выступаць хэдлайнеры першых «басоў», а ў спецыяльных намётах пакажуць відэа ад першых фэстаў.

Тым часам Вольскі, Варашкевіч і Корань рэпетуюць свае старыя праграмы.

Такім чынам, 17 ліпеня, паводле старадаўняй — сляды якой губляюцца яшчэ ў дагістарычным 1990‑м — завядзёнкі, беларусы паедуць у запаветны лес пад Гарадком (Польшча) і дваццаты раз запар адновяць дагістарычнае, з тых часоў, калі пра «Славянскі базар» нават чуваць не было, дзейства: пад электрагітары прашчураў і дзядоўскія бубны танчыцьмуць‑сядзецьмуць‑ляжацьмуць перад сцэнай, адпраўляючы фэст рок‑ураджаю «Басовішча».

На «Басовішчы» выступяць бацькі белроку: ULIS, «Палац», N.R.M., Neuro Dubel. І рок‑сынкі: Lao Che (папулярны польскі гурт), «Дзецідзяцей» (рыхтуе беларускамоўную праграму), гурт «Жнюв», «Босае сонца» (дэбютны выступ на фэсце). У дадатак, некаторыя рок‑бацькі ператворацца ў рок‑дзядоў: выкарыстоўваючы пракаветную магію трансформераў і пластычную хірургію саўнду, N.R.M. перакінецца ў «Мрою», а «Крама» — у «Бонду». Ulis неўміручы, адпаведна, зробіцца самім сабою ўзору п.п.1990‑х. Вядзе фэстываль дасведчаны жрэц Віктар Шалкевіч.

Квіткі. Зноў жа, паводле старажытнай традыцыі, бясплатны ўваход.

Як дабрацца?

Едучы на аўто (што канечне прыемней), не забывайцеся, што на мяжы — колькігадзінныя чэргі. Ідучы з Беларусі пехам, ведайце, што ўсё ж далекавата — 20 км пушчай. Тут заўсёднікі лясных рок‑зборышчаў раяць камбінаваны эканом‑ход: да Гродна — маршруткаю, тамака — цягнік Гродна—Кузніца—Беласток, а ужо з Беластоку — рэйсавым аўтобусам Беласток—Гарадок.

ЛК, паводле Тузін Гітоў і generation.by

***

Расклад

Пятніца, 17 ліпеня

19.00 Жнюв
19.30 Тарпач
20.00 Адкрыццё фестывалю
20.10 Sok
20.45 «Бан‑Жвірба»
21.25 BN
22.15 RIMA
23.05 ZERO‑85
00.00 «Зніч»
00.50 IQ48
1.40 «Сцяна»

18 ліпеня

Праграма з нагоды юбілею (выстава, запісы мінулых гадоў)

17.00 «Рахіс»
17.35 «Босае сонца»
18.15 «Дзецідзяцей»
19.00 Osimira
19.45 «Палац»
20.30 «Крама» + «Бонда»
21.30 Lao Che
23.00 Neuro Dubel
23.50 «Уліс»
00.50 N.R.M. + «Мроя»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0