У Вільні, на Лукішскай плошчы, у будынку былога КДБ знаходзіцца Музей ахвяраў генацыду. Падземныя хады былой турмы сёння адкрытыя для наведвання.

Карцэр, пакой з мяккімі сценамі, «водны» пакой, чырванаватыя засценкі падвалу для расстрэлаў — трэба мець моцныя нервы, каб гэта ўсё глядзець. Асабліва калі агляд суправаджаюць тлумачэнні галоўнага гіда музея Рычардаса Падвайскаса. Некаторыя наведнікі падчас экскурсіі заціскаюць вушы, каб не чуць падрабязнасцяў: у гэтай камеры — допыты, у гэтай — адмысловыя ін’екцыі…

Спадар Рычардас працуе ў музеі ад часу яго заснавання.

«Наша Ніва»: Спадар Рычардас, дзе Вы працавалі да адкрыцця музею ў 1992 г.?

Рычардас Падвайскас: Я атрымаў дыплом настаўніка гісторыі. Пасля службы ў савецкай арміі працаваў у псіхіятрычным шпіталі, спецшколе для складаных падлеткаў, пакуль не з’явіўся гэты музей.

«НН»: Работа ў такіх спецыфічных установах была Вашым асабістым выбарам?

РП: Часткова так, бо я цікавіўся псіхіятрыяй і спецслужбамі, наколькі можна было цікавіцца на той час.

«НН»: Чаму?

РП: Мая бабуля была сувязной у партызанаў, а дзед у 1941 г. удзельнічаў у паўстанні супраць савецкай улады. Бабуля мне распавядала пра сапраўдныя падзеі ў Літве шэптам, каб ніхто з суседзяў не пачуў…

«НН»: У Літве, як і па ўсім Саюзе, настаўнікі мусілі распавядаць, што літоўцы з радасцю сустрэлі бальшавікоў?

РП: Безумоўна. У прынцыпе, дагэтуль ёсць людзі, якія так сцвярджаюць. Але іх можна зразумець. Уявіце: саракавы год, няма чаго есці. І тут табе раптам даюць кавалак чужой зямлі, уладальнік якой — працавіты гаспадар — сасланы ў Сібір. То сапраўды было чаму радавацца.

«НН»: Як узнікла ідэя стварэння музею ў вязніцы КДБ?

РП: Такую думку падаў яшчэ ў 1970‑я гады Баліс Гаяўскас, грамадскі дзеяч, які сядзеў у гэтай турме. Неяк ён сказаў сябрам: «Калі‑небудзь мы будзем вадзіць па гэтых калідорах людзей, паказваць камеры, як у музеі». Тады гэта падавалася жартам.

«НН»: Калі вы пачалі шукаць інфармацыю пра гэтую турму, вы шукалі пацярпелых ці супрацоўнікаў?

РП: У першую чаргу шукалі былых вязняў. Але не толькі. Асабіста мне пашчасціла знайсці чалавека, які кіраваў будоўляй гэтай турмы.

«НН»: Ці ёсць сляды беларусаў у віленскай турме НКВД?

РП: Так, у нас ёсць дакладна выяўленыя прозвішчы беларусаў, расстраляных тут. Але па якіх прычынах — мы не можам сказаць, гэтыя пытанні трэба даследаваць у архіве. Толькі афіцыйна ў гэтай турме забілі тысячу чалавек.

…Падчас размовы ў кабінет гіда заходзіць харвацкі журналіст, дзякуе за дапамогу і абяцае даслаць гатовы матэрыял.

«Вось, прыязджаюць людзі з розных краін, у кожнага свой боль, і яны цікавяцца, які боль у нас, — каментуе спадар Рычардас. — У свеце мноства генацыдаў, але некаторыя былі адносна невялікімі ці замоўчваліся. Самы вялікі генацыд у свеце — індзейскі, іх знішчылі каля 12 мільёнаў! Але ці гэта шырока вядома? Амерыканцы не хаваюць гэтага, але стараюцца не афішаваць лішні раз».

«НН»: А які лік ахвяраў Літвы?

РП: Да мільёна чалавек так ці інакш пацярпела ад савецкай улады ў Літве. На маленькую Літву гэта многа.

«НН»: Я ведаю, што Ваша другая праца — настаўнік у сучаснай турме. Чаму Вы абралі такое месца?

РП: Бо на свой заробак тут я не магу паўнавартасна ўтрымліваць сям’ю. Музейшчыкі зараз, на жаль, — занядбаная прафесія.

«НН»: Хіба музей не падтрымлівае дзяржава?

РП: Падтрымлівае, але наш музей — дзяржаўны, і заробак у нас дзяржаўны. Аднак дырэкцыя ставіцца да нас з разуменнем, стварае магчымасць падпрацоўваць дзесьці яшчэ.

«НН»: А настаўніцтва ў турме Вас не прыгнятае?

РП: Не, я цікаўлюся псіхалогіяй вязняў, гэта раз. Там я выкладаю гісторыю, а пасля вязні здаюць іспыты. Ім жа таксама патрэбны атэстат. А, па‑другое, далёка не ўсіх прымаюць на службу ў такое месца. А камусьці ж трэба працаваць…

Гутарыла Стася Мініч, Вільня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0