Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анішчанка абвінаваціў шэраг беларускіх вытворцаў у невыкананні расійскіх стандартаў якасці малочнай прадукцыі.
«Праведзены маніторынг малочных прадуктаў вытворчасці Беларусі ў гандлёвых сетках РФ паказвае, што нярэдка гэта прадукцыя не адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту па якасці», — заявіў Анішчанка РІА Новости 16 ліпеня. Паводле яго слоў, у прыватнасці, спецыялісты Расспажыўнагляда ўзялі пробы беларускай прадукцыі ў маскоўскіх гандлёвых сетках.
«З 27 пробаў ААТ «Савушкін прадукт» 17 не адпавядалі патрабаванням, у тым ліку дзевяць па мікрабіялагічных паказчыках і дзесяць — па фізіка‑хімічных.
У некаторых пробах была выяўлена неадпаведнасць па абодвух параметрах, — цытуе расійскае агенцтва кіраўніка Расспажыўнагляда. — Гаворка ідзе пра тварог «Вясковы» 9%, тварог 10‑працэнтнай тлустасці і тварог зярністы 5‑працэнтнай тлустасці. У прадуктах выяўлены небяспечныя бактэрыі анаэробнай групы, а таксама цвіль».
Анішчанка заўважыў, што таксама не выкананы патрабаванні тэхрэгламенту да ўпакоўкі і маркіроўкі такой прадукцыі: адсутнічае інфармацыя пра найменні фруктовых напаўняльнікаў, не ўказана фірма‑дыстрыб’ютэр на тэрыторыі РФ, куды можа звярнуцца спажывец.
«Распачата 16 адміністрацыйных спраў, усе прадукты выключаныя з сеткі, накладзеныя штрафы», — паведаміў кіраўнік Расспажыўнагляда.
Як паведамлялася раней, у пачатку чэрвеня Расспажыўнагляд увёў абмежаванні на ўвоз больш як 1,4 тысячы найменняў беларускіх малочных прадуктаў з‑за парушэнняў патрабаванняў расійскага тэхрэгламенту.
17 чэрвеня «малочную праблему» Расіі і Беларусі ўдалося ўрэгуляваць. Пасля перамоў быў уведзены пераходны перыяд да канца ліпеня, на працягу якога беларуская прадукцыя па ўзгодненых з Расспажыўнаглядам спісам можа пастаўляцца ў РФ па старых дазволах.
Разам з тым, абавязковай умовай падпісанага пратакола было абавязацельства беларускага боку прывесці санэпідзаключэнні на прадукцыю ў адпаведнасць з расійскім тэхрэгламентам да 1 жніўня. Для гэтага вытворцы і пастаўшчыкі павінны накіраваць узоры прадукцыі ў акрэдытаваныя Расспажыўнаглядам лабараторыі.
Анішчанка зазначыў, што да 1 жніўня Беларусь не паспее выканаць усе патрабаванні малочнага тэхрэгламенту